Ігар Гузь: Украінцы будуць забіваць і беларусаў, калі яны прыйдуць да нас са зброяй
Народны дэпутат Украіны Ігар Гузь звярнуўся да маці беларускіх вайскоўцаў:
-Калі вы зараз маеце кантакт з вашымі дзецьмі, то патэлефануйце ім і папрасіце іх ні ў якім разе не ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны! Вас, маці, заклікаю блакаваць ваенныя калоны, калі вашых дзяцей павязуць на мяжу. Калі вы не распачнеце ніякіх дзеянняў, каб вашыя дзеці не бралі ўдзел у вайне супраць Украіны, то іх смерці будуць і на вашых руках у тым ліку.
Вайна паказала, што ўкраінцы ўмеюць ваяваць. І будуць за сваю родную зямлю забіваць. Забіваць у тым ліку і беларусаў, калі яны прыйдуць са зброяй на нашую зямлю.
РР: Сёння Вы звярнуліся да беларускіх маці. Чаму менавіта да іх, а не непасрэдна да беларускіх вайскоўцаў, якія рызыкуюць паўдзельнічаць у гэтай расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Ігар Гузь: Паўплываць канкрэтна на дзеянні Лукашэнкі няма магчымасці, калі ён прыме такое рашэнне, то ён яго прыме пад дудку Пуціна. Усё ж такі грамадзянская супольнасць Беларусі будзе гатова зрабіць усё, каб беларускія салдаты не ехалі сюды. У тым ліку маці і бацькі гэтых салдат. І мы на гэта спадзяёмся. Я зараз на Валыні. Асноўны ўдар можа ісці на Валынскую вобласць, Ровенскую, Жытомірскую, на Палессе. У нас вельмі шмат родных там, вельмі шмат сувязяў з беларусамі. І ніхто не хоча забіваць беларусаў! У нас вайна з Расейскай Федэрацыяй, з агрэсарам, з Масквой, якая сотні гадоў нас забівала і рабіла ўсё, каб у нас не было сваёй дзяржавы. Але ў нас ніколі не было ніякіх праблем з беларусамі. І мы ўвогуле не разумеем, якая можа быць матывацыя простага беларускага хлопца, каб быць тут. Канешне, вельмі б хацелася, каб маці ўжо сёння гаварылі са сваімі сынамі, што гэта ненармальна, што яны не павінны сюды ехаць, што яны мусяць пісаць рапарты пра тое, што яны не гатовыя і так далей. Інашага варыянту няма. Таму што, калі тут пачнецца бойня, мы – украінцы – гатовыя. Калі гэта будуць беларусы, мы будзем забіваць беларусаў. Таму што мы стаім за сваю незалежнасць, і калі Беларусь ідзе з акупантам поруч, другіх варыянтаў няма. Але нам вельмі б гэтага не хацелася. Бо ніколі ўкраінцы з беларусамі не ваявалі. Нам няма што дзяліць.
Слава Украіне – Жыве Беларусь!
Нагадаем, што на гэты момант беларускія вайскоўцы не бяруць удзелу ў ваенных дзеяннях ва Украіне. Але з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі запускаюць ракеты па ўкраінскіх гарадах.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/igor.guz