Ігар Кізім абверг заявы пра кепскія ўмовы для ўкраінскіх перамоўнікаў у Менску



Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім абверг інфармацыю пра неналежныя ўмовы працы прадстаўнікоў краіны ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе. Група, куды ўваходзяць таксама прадстаўнікі Расеі і сепаратыстаў з так званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік, рэгулярна збіраецца ў Менску.

У інтэрв’ю тэлеканалу „112” былы ўкраінскі пасол у Менску і былы прадстаўнік краіны ў палітычнай падгрупе трохбаковай кантактнай групы Раман Бяссмертны заявіў, што яго „ўразіў валанцёрскі прынцып ўкраінскай дыпламатыі”.

„Гэта значыць, што ты працуеш, але не маеш ні дакументаў, неабходных для забеспячэння гэтага працэсу. Ты не маеш дакладных інструкцый, як ты павінен дзейнічаць, ні элементарных умоў для забеспячэння таго, каб ты мог бы аргументаваць… Вы проста не ўяўляеце, якое прыніжэнне адчувае там прэм’ер-міністр Марчук (займаў гэтую пасаду ў 1995—1996 гадах. — БелаПАН.), прэзідэнт Кучма (1994—2005. — БелаПАН.)”, — сказаў Бяссмертны.

Паводле яго слоў, усе ўдзельнікі перамоў ад Украіны ездзяць у Менск за свой кошт. „Я не ведаю, як зараз, але часам здараліся сітуацыі такія, што людзі ў пасольстве там спалі адзін на адным па 12 чалавек на падлозе. Дыпламаты. Прадстаўнікі Украіны”, — заявіў ён.

„Удзельнікі групы ад Украіны жывуць у гасцініцах, у нармальных умовах, — падкрэсліў Кізім у каментары БелаПАН. — Ім аплачваецца праезд, яны атрымліваюць камандзіровачныя. Пасольства забяспечвае іх сустрэчу ў аэрапорце, для чаго задзейнічаны практычна ўвесь аўтапарк дыпмісіі. Беларускі бок аказвае садзейнічанне працы нашых прадстаўнікоў. Калі прылятаюць Кучма ці Марчук, яны праходзяць цераз залу афіцыйных асоб і дэлегацый, астатнія — праз VIP-залу”.

Паводле слоў дыпламата, у пасольстве абсталяваны пакой для ўдзельнікаў перамоў з боку Украіны, дзе яны могуць звязацца з Кіевам і праінфармаваць пра сітуацыю.

БелаПАН