Ігар Комлік: Улада баіцца людзей
Пра ўльтыматум Святланы Ціханоўскай уладам Беларусі і пра яе заклік да агульнабеларускага страйку разважае госць Рацыі, каардынатар прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці па Менску і Менскай вобласці Ігара Комлік у размове з карэспандэнтам Генадзем Барбарычам.
РР: Вядома, што Святлана Ціханоўская абвясціла ўльтыматум уладам Беларусі. У выпадку яго не выканання яна звярнулася да працоўных абвясціць страйк у Беларусі з 26 кастрычніка. Наколькі такое развіццё падзеяў магчымае?
– Дадзены ход падзеяў, як заўжды ў гэтым годзе, пакажуць канкрэтна 25 і 26 чыслы. То бок прагназаваць у цяперашняй сітуацыі дастаткова складана, але ясна адно, што ўлада ўжо спужалася гэтага ўльтыматуму. Недарэмна зараз у сетцы інтэрнэт прыходзяць паведамленні з розных рэгіёнаў краіны пра тое, што ўлада шляхам подкупу, пагроз ды іншага спрабуе правесці сваю альтэрнатыўную кампанію людзям, якія маюць перакананні і змагаюцца з гэтай уладай. То бок гэта ўжо паўплывала і кажа пра дастаткова сур’ёзную пазіцыю людзей у краіне. Улада баіцца іх.
Другое – ці будзе ўдзел у страйках? Па маіх звестках, у любым выпадку людзі да гэтага рыхтуюцца. На колькі актыўна гэта будзе адбывацца на кожным канкрэтным прадпрыемстве, наколькі гэта актыўна будзе адбывацца па-за межамі прамысловых прадпрыемстваў пакажа час, але такі настрой у людзей прысутнічае. Калі было заяўлена лідарам меркаванняў, лідарам цяперашняй апазіцыі людзям, то заява зробленая, і яна мае тэндэнцыю якімсьці чынам рэалізоўвацца. Наколькі яно будзе актыўным, будзем глядзець ужо па выніках.
РР: А які настрой на прадпрыемствах? Улады ў сваю чаргу рыхтавалі вялікі мітынг у падтрымку Лукашэнкі.
– У тым і справа, што шматлікія людзі адмаўляліся ўдзельнічаць у такіх мітынгах, усё ж такі не прадаюць сваё сумленне і годнасць. Як гэта, напрыклад, робяць сілавыя структуры, якія баяцца гневу з двух бакоў. Прычым з аднаго боку яны баяцца гневу народа, а з другога – гневу Лукашэнкі. І за сябе баяцца, бо, на жаль, сябе яны ўжо зганьбілі дзеяннямі ў жніўні гэтага года.
А што тычыцца іншага боку – людзі на прадпрыемствах, прыхільнікі пераменаў, самастойна па сваёй ініцыятыве рыхтуюцца да таго, каб прыняць удзел у страйках. На тых прадпрыемствах, дзе прысутнічаюць нашы сябры прафсаюзу, мне пра гэта дакладна вядома, размовы вядуцца з работнікамі прадпрыемстваў, то бок удакладняецца наколькі яны гатовыя і якія патрабаванні працаўнікі гатовыя падтрымаць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя