Ігар Комлік: Улады пераварочваюць сітуацыю з ног на галаву
Беларускія афіцыйныя прафсаюзы збіраюць подпісы пад зваротам супраць санкцый дэмакратычных заходніх краінаў, якія ўведзены ці плануюцца за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў, парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Гэты зварот праўладныя прафсаюзы намераны накіраваць у Міжнародную арганізацыю працы.
Але, па словах каардынатара беларускага прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці па Менску і Менскай вобласці Ігара Комліка, улады гэтай сваёй ініцыятывай зноў пераварочваюць сітуацыю з ног на галаву.
– Улада гаворыць, што ў санкцыях вінаваты тыя, хто змагаецца за правы. А тыя, хто парушае правы, яны як бы ні ў чым не вінаватыя і з’яўляюцца толькі ахвярамі. То бок яны зноў спрабуюць перавярнуць усё з ног на галаву і замест таго, каб выконваць фундаментальныя правы людзей, правы прафсаюзаў, яны шукаюць вінаватых. Ніхто не замінае вырашыць усе гэтыя пытанні, не пісаць ніякіх пісем, не атрымліваць ніякіх санкцый, то бок выканаць патрабаванні грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і ўсё само сабой вырашыцца.
І ўсе праблемы будуць вырашаны як для краіны, так і для розных прадпрыемстваў і грамадзянаў. Але, відаць, для той сістэмы, якая зараз склалася ў Беларусі, – сістэмы беззаконня і гвалту, такі падыход непрымальны, – кажа Ігар Комлік.
Беларускае Радыё Рацыя