Ігар Маслоўскі: Ніхто не змяніў свае погляды
Набліжаецца трэцяя гадавіна з дня прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія змянілі жыццё Беларусі і беларусаў. Вялікая колькасць удзельнікаў мірных акцый пратэстаў была вымушаная ўцякаць з роднай краіны, а многія трапілі за краты. Адной з самых гучных крымінальных спраў была так званая „карагодная справа” у Берасці.
Як змянілася жыццё берасцейцаў за гэтыя тры гады? З якім настроем будзем сустракаць чарговую гадавіну выбараў? На пытанні адказаў „Госць Рацыі” грамадскі дзеяч Ігар Маслоўскі.
РР: Набліжаецца трэцяя гадавіна з дня пераломных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Неяк у сваіх думках бліжэй да гэтай даты пракручваеце тыя падзеі? Узгадваеце іх?
– Тыя падзеі яны пракручваюцца, не толькі бліжэй да гэтай даты, але напэўна штодзень пракручваюцца ў цэлым у маёй свядомасці. Думаю, што гэта таксама адбываецца ў іншых. З аднаго боку людзі перагарнулі свет, які быў у Беларусі да 2020. Гэта паўплывала на жыццё сотняў тысяч беларусаў, калі не мільёнаў. Гэта вельмі важна і застанецца напэўна ў гісторыі Беларусі і беларусаў, колькі яны будуць жыць. На працягу гадоў мы бачылі, што беларусы былі неактыўныя, была актыўная пэўная частка грамадства. Адбылася падзея, якая напэўна кранула кожнага. Нават тыя, хто быў за Лукашэнку ці нейкія прарасейскія актывісты, яны ўбачылі, што беларусы зусім іншыя, яны ў першую чаргу прагнуць свабоды. Калі сказаць шчыра, то на той год эканамічная сітуацыя ў краіне была больш-менш, не было ніякіх рэзкіх абвалаў, эканамічнага крызісу, людзі хацелі свабоды, абаранялі свой выбар. Не проста прагаласавалі, але і абаранялі выбар.
РР: У 2020 годзе вашыя берасцейцы вас таксама здзівілі?
– Я скажу, што мы гэтыя тэндэнцыі назіралі яшчэ ў 2019 годзе. Гэта была парламенцкая кампанія, калі мы стаялі ў пікетах. Не было ніякіх праблем збіраць подпісы, людзі вельмі цікавіліся палітыкай. Гэта нас тады здзівіла ў 2019 годзе. Безумоўна, што берасцейцы былі аднымі з самых актыўных па краіне. На жаль за гэта плацяць, самая масавая крымінальная справа „карагодная справа”, да гэтага часу людзі сядзяць па турмах, на „хіміі”. Яшчэ вышукваюць тых людзей, якія ўдзельнічалі ў карагодзе.
РР: Як думаеце, у жніўні-верасні 2020 года можна было штосьці зрабіць іначай?
– Ёсць прымаўка „История не терпит сослагательного накланения”, па-расейску гучыць. Церпіць не церпіць, але напэўна было магчыма, улады таксама гэта прадчувалі, таму паарыштоўвалі ў той час нацыянальных лідараў. Некаторыя знаходзіліся за кратамі, а хтосьці паспеў з’ехаць за мяжу. Гэта быў такі важны фактар. Калі казаць пра гэтую гісторыю, калі б лідары не былі за кратамі. Тады ўлада, у першую чаргу сілавікі, чыноўнікі, магчыма не праяўлялі б такой жорсткасці, не разганялі, не збівалі людзей, бо бачылі б, што ёсць лідар, які заўтра будзе прэзідэнтам. Гэта напэўна адзін з такіх галоўных фактараў. Безумоўна, што беларусы не мелі досведу вулічнай барацьбы, як тыя ж самы ўкраінцы. Раптоўна ўсе, як кажуць, прачнуліся і зразумелі, што ў краіне нешта не тое робіцца. Вось гэтыя два фактары, на мой погляд, гэта трэба ўлічваць на будучыню.
Беларускае Радыё Рацыя