Ілля Дабратвор: Галоўнае для іх – папаўненне бюджэту



Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор распавёў, чаму ў нашай краіне Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і насамрэч выкарыстоўваецца ў карных мэтах.

Кіраўнік Беларусі на нарадзе па ўжыванні адміністрацыйнай адказнасці заявіў, што за дзесяць гадоў колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў павялічылася амаль у два разы. Пры гэтым толькі за няпоўныя пяць гадоў зарэгістравана 16 мільёнаў парушэнняў, за здзяйсненне якіх да адказнасці прыцягнутыя каля 3,5 млн грамадзян – больш за 50% усяго працаздольнага насельніцтва.

Лукашэнка адзначыў таксама, што дзеючы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях выкарыстоўвае пераважна карны спосаб вырашэння любых канфліктных сітуацый, а за “палачна-галачную сістэму” трэба “саджаць у турму без суда і следства”.

Ілля Дабратвор: Прыйдзецца пагадзіцца з кіраўніком Беларусі, што Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і насамрэч мае карны характар. Галоўная мэта гэтага кодэкса – не працаваць на прафілактыку, а папаўненне бюджэту, і апазіцыя пра гэта кажа ўжо даўно.

Акрамя таго, у многіх еўрапейскіх краінах штрафы за адміністрацыйныя парушэнні залежаць ад заробкаў людзей. А ў нас тым, хто выйшаў на вуліцу з плакатам, выпісваюць па 600 даляраў штрафаў. Гэта проста неверагодныя сумы!

РР: Відаць, сёння могуць абсалютна любога чалавека прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці…

Ілля Дабратвор: Так, бо мы бачылі, колькі разоў актывістам давалі штрафы і нават “суткі” за “лаянку ў грамадскім месцы”, чаго наогул не было. Але ж суды людзям не вераць, яны вераць міліцыянерам, бо патрэбны грошы ў бюджэт.

Сёння практычна кожны ў краіне прыцягваўся да такой адказнасці, і гэта ненармальная сітуацыя. Вось такая ў нас краіна для жыцця кожнага. Таму заўвагі кіраўніка Беларусі слушныя. Іншая справа: ці не звычайны гэта піяр?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info