Ілля Дабратвор: Не падавалі нават лісты, якія збіралі пад дажджом



Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор, які ўваходзіць у штаб прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Валерыя Цапкалы, распавядае пра тое, як збіраліся подпісы за гэтага кандыдата.

Ілля Дабратвор: Тое, што зараз тэрытарыяльныя камісіі некаторых раёнаў масава анулююць подпісы за Валерыя Цапкалу і Віктара Бабарыку, мне падаецца, гэта больш ініцыятыва мясцовых чыноўнікаў, якія такім чынам вырашылі выслужыцца перад вярхоўнай уладай. Яны вырашылі паказаць: маўляў, вы казалі пра неверагодную падтрымку народам альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, а гэтая падтрымка аказалася ліпавая.

Але, мяркую, замест падзякі гэтыя чыноўнікі атрымаюць па вушах, бо большай дыскрэдытацыі краіны, чым зараз, складана прыдумаць.

РР: Мне падаецца, што чыноўнікі тэрытарыяльных камісій без загаду зверху ў прыбіральню баяцца хадзіць, а вы кажаце пра нейкую іх ініцыятыву…

Ілля Дабратвор: Буду прытрымлівацца сваёй версіі, бо не думаю, што ўладзе патрэбна выстаўляць сябе ў вачах усяго свету нелегітымнай. Нерэгістрацыя Цапкалы і Бабарыкі будзе сведчыць аб пройгрышы беларускага кіраўніка падчас гэтай кампаніі.

РР: А можа некаторыя подпісы і насамрэч былі несапраўднымі?

Ілля Дабратвор: У штабе Валерыя Цапкалы я адказваў за збор подпісаў па ўсёй краіне і магу адказаць за кожны сабраны намі подпіс. Аддзел кантролю ў нас працаваў у чатыры этапы. Не падавалі лісты, дзе было хаця б маленькае выпраўленне альбо памылка, не падавалі лісты, якія збіраліся пад дажджом, каб не было зачэпак.

Я дапускаю нейкі адсотак подпісаў, да якіх можна фармальна дачапіцца, але ён павінен быць на ўзроўні статыстычнай хібнасці – 2-3 адсоткі.

РР: На якіх падставах подпісы прызнаюць несапраўднымі?

Ілля Дабратвор: Ніякіх абгрунтаваных фактаў мы не маем. Толькі ў Барысаве вырашылі зрабіць экспертызу подпісаў, хаця навошта яе рабіць? Патэлефануйце чалавеку і спытайце, ці падпісваўся ён за Валерыя Цапкалу. Гэта сведчыць пра тое, якія зараз падыходы ўжываюць тэрытарыяльныя камісіі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя