“Індэкс беларускай будучыні” прадставілі ў Гародні



У гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця адбылася дыскусія, прысвечаная перспектывам жыцця ў Беларусі. Рыгор Астапеня, заснавальнік і старшыня Цэнтра новых ідэй, прадставіў на дыскусіі “Індэкс беларускай будучыні”.

На думку Рыгора Астапені, Беларусь чакае стагнацыя і так званая”стабільнасць”:

– Беларуская эканоміка будзе знаходзіцца ў стане стагнацыі. Мы пабачым, што нашая навука і адукацыя будуць знаходзіцца ў крызісе, то-бок, гэта будзе паглыбленне гэтага крызісу. У беларускай палітыцы, канешне, нічога не зменіцца. Як гэта звычайна ў Беларусі адбываецца не першы год. Але істотнае, што беларускае грамадства будзе рабіцца лепшым. Калі мы паглядзім на такія паказчыкі, як гендэрная роўнасць, стан ідэнтычнасці, як узровень узаемадапамогі, мы бачым тут, што эксперты вельмі часта кажуць пра тое, што ў гэтай сферы будзе паляпшэнне.

Андрэй Казакевіч – дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” назваў змены, што чакаюць беларускую навуку.

– Перспектыва, натуральна, ёсць. Але ёсць і праблемы, якія трэба дакладна разумець, тыя складанасці, у якіх беларуская навука развіваецца, разумець тыя слабыя месцы.

РР: Якія слабыя месцы ў беларускай навуцы?

– Яны звязаныя з кіраваннем, з наяўнасцю канфлікту інтарэсаў, звязана з недафінансаваннем з боку дзяржавы, а гэта звязана з тым, што сродкі, выдзеленыя на даследаванні, вельмі часта выконваюцца не дастаткова эфектыўна.

На сустрэчы таксама падымаліся і такія пытанні як: у якім стане будзе наша эканоміка ў бліжэйшыя пяць гадоў; ці стане Беларусь больш адукаванай; ці зменіцца канстытуцыя; ці стане наша грамадства больш салідарным.

Беларускае Радыё Рацыя