Інфармацыйная вайна. Новыя зігзагі



КГБ доўга рыхтаваў фільм пра аналітыка войска і спецслужб Андрэя Паротнікава з мэтай пасеяць недавер сярод грамадскіх і палітычных актывістаў за мяжой. Але ўкраінскія дроны ў Расеі, мяркую, перакрэслілі высілкі прапагандыстаў у пагонах.

І мы маем чарговую нагоду паразважаць пра інфармацыйную складовую падчас кожнай вайны.

Здавалася б, што звязвае наступныя факты. Андрэй Паротнікаў у менскім СІЗА КГБ. Гараць транспартнікі «Іл-76» на аэрадроме ў Пскове. А вось тэлегра-канал «Беларуская выведка» паведамляе, што Лукашэнка арганізоўвае новую асабістую гвардыю і ладзіць нарады па супрацьстаянні магчымым атакам дронаў. Прычым, удар чакаецца з боку Крамля.

Можам верыць, можам не верыць «Беларускай выведцы», але нават калі гэта фейк, ён працуе супраць рэжыму і ёсць часткай інфармацыйнай вайны. Як і атакі дронаў па рознага кшталту аб’ектах у Расеі. Згарэлыя транспартнікі ці нафтасховішчы – гэта непрыемна, але не крытычна для эканомікі Расеі. А вось інфармацыйны эфект – вельмі моцны.

Міф пра другую пасля ЗША армію ў свеце быў разбураны падчас уцёкаў з-пад Кіеву ў 2022 годзе. Цяпер усе бачаць, што не толькі нападаць, але і бараніць сябе толкам расейскае войска не можа. Ні сябе, ні цывільных жыхароў, за падаткі якіх войска існуе.

Андрэй Паротнікаў – адзін з самых моцных беларускіх вайсковых аналітыкаў. Яму прыдумалі «здраду радзіме» – суворы артыкул у лукашэнкаўскіх рэаліях.

КГБ мала нейтралізаваць прафесіянала, які і пра сам КГБ ведае больш, чым шараговы чалавек, у тым ліку слабыя месцы арганізацыі.

КГБ выпускае фільм, які мусіць дыскрэдытаваць фактычна ваеннапалоннага Паротнікава, а заадно і прыпужнуць людзей знутры сістэмы Міністэрства абароны, МУС ці спецслужбаў, якія з патрыятычных ці меркантыльных інтарэсаў захочуць папрацаваць супраць рэжыму.

А тут недалёка ад Беларусі – у Пскове і Бранску – украінцы арганізоўваюць выбухі. Ну як украінцы – я так думаю, доказаў жа няма пра аўтарства.

Пакуль у КГБ займаюцца відэафальшыўкамі, хтосьці прыкідвае як арганізаваць падлёт дрона да гэтага самага КГБ. Ці базы АМАПу, ці ўнутраных войскаў, ці сіл спецыяльных аперацый.

Пакуль Папа Рымскі хваліць гісторыю «вялікай Расеі», хтосьці метадычна робіць усё, каб Расея не магла пагражаць суседзям, а заадно і падтрымліваць рэжым, які корміць КГБ.

Усё пачынаецца з інфармацыі, усё спачатку адбываецца ў галаве.

Расейцы бачаць, што можна прыватнай кампаніяй ладзіць вайсковы мяцеж. Што дроны праціўніка лятуць усё далей і болей колькасна. Вера ва ўладу падае.

Чаму тое самае не можа адбыцца з саюзнікам Крамля ў Беларусі?

Рытарычнае пытанне.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя