Ініцыятыўная група Юрася Губарэвіча сабрала больш за тысячу галасоў



Ініцыятыўная група вылучэнца ў кандыдаты ў дэпутаты беларускага парламента  Юрася Губарэвіча сабрала неабходную тысячу галасоў, але спыняцца на гэтым не збіраецца. Пра гэта паведаміў сам намеснік старшыні Руху «За Свабоду». Па словах Юрася Губарэвіча, трэба цалкам выкарыстоўваць магчымасць папрацаваць на вуліцах з людзьмі.

– Мы зробім чарговы аналіз напрыканцы гэтага тыдня. Я думаю, будзе значнае перавышэнне неабходнай колькасці. Тым не менш, мы не плануем спыняцца зараз пасярэдзіне кампаніі, бо бачым досыць вялікі эфект ад пікетаў, што выстаўляюцца пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Людзі падыходзяць, выказваюць падтрымку і гавораць, як добра, што нарэшце на вуліцах беларускай сталіцы з’яўляецца альтэрнатыва і візуальна можна заўважыць нацыянальную сімволіку, а таксама што ёсць людзі, якія могуць скласці годную канкурэнцыю праўладным назначэнцам у Палату прадстаўнікоў.

Як зазначыў Юрась Губарэвіч, калі на пачатку кампаніі па зборы подпісаў на пікетах адбываліся інцыдэнты з правакатарамі, то зараз яго ініцыятыўная група працуе спакойна. Збор подпісаў працягнецца да 1 жніўня. Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прызначаны на 11 верасня.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя