Ініцыятыва «Менскі дыялог» трансфармуецца ў сталую міжнародную экспертную сетку



Пра гэта напярэдадні адкрыцця сёмай канферэнцыі ініцыятывы, прасвечанай 25-годдзю распаду Савецкага Саюза, заявіў кіраўнік «Менскага дыялогу» Яўген Прэйгерман.

Канферэнцыі ініцыятывы з кожным разам становяцца больш прадстаўнічымі – іх наведваюць як аўтарытэтныя эксперты з усяго рэгіёну, еўрапейскія дыпламаты і чыноўнікі, прадстаўнікі беларускай улады таксама не цураюцца ўдзелу ў мерапрыемствах «Менскага дыялогу», зазначыў Прэйгерман. Але новы фармат, рэалізацыя якога пачнецца ў 2017 годзе, дазволіць экспертам не проста збірацца для абмеркаванняў, але рабіць сталы і якасны аналіз падзей, прапаноўваючы аналітычныя запіскі, спісы рэкамендацый і гэтак далей.

— Ад проста канферэнцый мы пераходзім да стварэння паўнавартаснай сеткі экспертаў і гаворка ідзе не толькі пра беларускіх экспертаў, а ад усіх краін рэгіёна, і прадстаўнікоў вялікіх рэгіянальных дзяржаў і сусветных лідараў кшталту ЗША, спадзяюся азіяцкія гіганты да нас далучацца. Апроч гэтага мы чакаем, што будуць нейкія арганізацыйныя крокі і некаторыя цікавыя персоны, якія стануць часткай нашай каманды.  

У хуткім часе, паводле Яўгена Прэйгермана, стартуе новы сайт «Менскага дыялогу», дзе будуць размешчаныя ўсе працоўныя дакументы міжнароднай экспертнай сеткі.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя