Ініцыяваная Ціханоўскай канферэнцыя па рашэнні крызісу ў Беларусі пройдзе 1-2 чэрвеня
Міжнародная канферэнцыя „Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі” адбудзецца 1—2 чэрвеня. Мерапрыемства ініцыяванае Святланай Ціханоўскай.
Як паведамляецца ў тэлеграм-канале беларускай дэмакратычнай лідаркі, мэта канферэнцыі — „абмеркаваць, як прыйсці да датэрміновых выбараў прэзідэнта Беларусі для вырашэння крызісу і як іх правесці”.
Ад Беларусі на мерапрыемстве выступяць Святлана Ціханоўская, яе спецпрадстаўнік па выбарах Аляксандр Шлык, саветнік Франак Вячорка, член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Вольга Кавалькова, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Таксама ўдзел у канферэнцыі возьмуць віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Клара Добрэў, кангрэсмен Біл Кітынг (ЗША), генеральны сакратар Парламенцкай асамблеі АБСЕ Раберта Мантэла, генеральны сакратар міжурадавай арганізацыі International Idea Кевін Касас-Замора, кіраўнік ЦВК Грузіі Тамар Жванія, генеральны сакратар Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Еўропы Жолт Солнакі (Венгрыя), міжнародны эксперт па выбарах Уршуля Гацак (Польшча) і іншыя.
Офіс Ціханоўскай таксама прапанаваў узяць удзел у канферэнцыі кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Ігару Сергяенку, яго намесніку Вользе Чупрыс, члену Палаты прадстаўнікоў Святлане Любецкай.
На думку Ціханоўскай, комплексна пераадолець крызіс у Беларусі можна дасягнуўшы трох мэтаў: спыніўшы гвалт, вызваліўшы палітвязняў і вярнуўшы ў краіну сумленныя і свабодныя выбары.
„Мы ведаем, што да новых выбараў трэба рыхтавацца загадзя, і міжнародная канферэнцыя дапаможа нам у гэтым. Таму мы запрасілі да ўдзелу нашых замежных партнёраў, ЦВК дэмакратычных дзяржаў — яны гатовыя абменьвацца з намі вопытам”, — заявіла палітык.
Канферэнцыю праводзяць міжнародныя партнёры пад патранажам Ціханоўскай — Міжнародны фонд электаральных сістэм (IFES, ЗША), міжурадавая арганізацыя International IDEA (Швецыя) і некамерцыйная арганізацыя Democracy Reporting International (DRI, Германія).
Мерапрыемства будзе транслявацца на YouTube-канале Ціханоўскай.