ІНП: Лех Валэнса супрацоўнічаў з камуністычнымі спецслужбамі
У Польшчы разгараецца скандал вакол супрацы Леха Валэнсы са службай бяспекі камуністычнай Польшчы.
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы (установа, якая займаецца разглядам справаў, звязаных са злачынствамі таталітарных рэжымаў на тэрыторыі Польшчы пасля 1939 года) паведаміў, што атрымаў доступ да невядомых раней дакументаў, звязаных з першым дэмакратычна абраным прэзідэнтам Польшчы, Лехам Валэнсам.
Лукаш Камінскі, старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці паведаміў, што сярод дакументаў, знойдзеных у доме ўдавы генерала Чэслава Кішчака (міністра ўнутраных справаў у камуністычнай Польшчы ў 1980-1990 гадах) быў ліст адрасаваны дырэктару Архіва новых актаў у Варшаве, у якім Генерал Кішчак паведамляе што перадае дакументацыю датычную супрацы Леха Валэнсы са службамі бяспекі камуністычнай Польшчы пад мянушкай «Болек».
Пакунак быў падрыхтаваны для адпраўкі яшчэ ў 1996 годзе, але генерал Кішчак так і не адаслаў яго.
— У персанальнай папцы знаходзіцца канверт, у якім ад рукі напісанае абавязацельства супрацы са службай бяспекі, падпісанае: Лех Валэнса «Болек». Сярод дакументаў у гэтай папцы ёсць таксама напісаныя ад рукі і падпісаныя мянушкай «Болек» распіскі аб атрыманні грошай. У папцы працы тайнага супрацоўніка, якая налічвае 279 старонак у арыгінальных вокладках. Дакументы, якія знаходзяцца ў абедзвюх папках ахопліваюць прамежак часу з 1970 да 1976 года.
Да гэтай пары меркавалася, што персанальная папка «Болека» была хутчэй за ўсё знішчаная пасля змены палітычнай сістэмы ў Польшчы ў 1989 годзе.
У 2000 годзе люстрацыйны суд у Варшаве пацвердзіў правамоцным рашэннем, што Лех Валэнса склаў праўдзівую люстрацыйную дэкларацыю, у якой адмовіў факт супрацоўніцтва з камуністычнымі спецслужбамі. Тым не менш абвінавачванні былога лідара «Салідарнасці» і прэзідэнта Польшчы ў супрацоўніцтве з тайнымі камуністычнымі службамі неаднаразова ўсплывалі ў публічным жыцці Польшчы і пасля гэтага судовага рашэння.
Лех Валэнса і Чэслаў Кішчак у час нарадаў Круглага стала
„Не можа быць ніякіх дакументаў, якія сыходзілі б ад мяне. Калі б яны былі, не было б патрэбы іх падрабляць. Я дакажу гэта ў судзе” – напісал на сваім акаунце ў адной з сацыяльных сетак Лех Валэнса. Гэтае выказванне з’явілася яшчэ да пачатку прэс-канферэнцыі ІПН. У цяперашні момант Лех Валэнса наведвае Венесуэлу.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя