Інстытут вывучэньня вайны ацаніў перамовы Хрэніна з міністрамі абароны Кітая і Ірана
Паводле Інстытута вывучэння вайны, Беларусь працягвае прыкладаць намаганні па «наладжванні адносін з краінамі, якія падтрымалі ці не асудзілі вайну Расеі ва Украіне». Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) за 27 красавіка.
Таксама, каментуючы новыя кантакты міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна з кітайскім і іранскім калегамі ў Дэлі, аналітыкі выказалі здагадку, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі мае на мэце «стварэнне кааліцыі незаходніх краін» і «паглыбленне шляхоў дапамогі Расеі ва ўхіленні ад заходніх санкцый».Сёння ў Дэлі пройдзе нарада міністраў абароны дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Сярод іншага ўдзельнікі сустрэчы абмяняюцца меркаваннямі «адносна выклікаў і пагроз рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы дзяржавам — членам ШАС і захадаў па іх нейтралізацыі». Беларусь мае статус назіральніка ў арганізацыі, але падала ўжо заяўку на ўступленне. Улады ў Менску разлічваюць выканаць усе неабходныя для гэтага працэдуры да чэрвеня гэтага года. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь падтрымлівае Расею, якая вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.У ліпені 2022 года Лукашэнка публічна прызнаў уварванне 20-тысячнай групоўкі з беларускай тэрыторыі.
Крыніца: Свабода