Інтэлігенцыя заклікае апазіцыю да кансалідацыі
Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выступілі са зваротам, у якім заклікаюць дэмакратычную апазіцыю да кансалідацыі.
„Сёлетняя палітычная кампанія па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у чарговы раз засведчыла даўнюю хібу беларускай дэмакратычнай апазіцыі: няздольнасць аб`ядноўвацца, дамаўляцца аб супольных дзеяннях, выступаць адзінай сілай. Апазіцыя не змагла выпрацаваць і прыняць сумесную праграму, вылучыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты. У выніку выбары прайшлі па сцэнары ўлады і прывялі апазіцыю да крызіснага стану”, — гаворыцца ў звароце.
Як адзначаюць яго аўтары, замест таго, каб аналізаваць памылкі і рабіць з іх высновы, прадстаўнікі апазіцыі — і тыя, хто ўдзельнічаў у выбарах, і тыя, хто іх байкатаваў, — „даводзяць сваю правату, паглыбляюць раскол”.
„Частка апазіцыі ўжо заяўляе пра гатоўнасць удзельнічаць у наступнай палітычнай кампаніі: парламенцкіх выбарах. Прычым заяўляе гэта пры выбарчым законе, які дэмакратычных, свабодных выбараў не прадугледжвае”, — падкрэсліваецца ў адозве.
„Мы не заклікаем ні да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, ні да няўдзелу. Мы заклікаем да кансалідацыі, да супольнай пазіцыі як у адносінах да выбараў, гэтак і ў адносінах да тых палітычных працэсаў, якія акрэсліліся апошнім часам у стасунках паміж Беларуссю і Еўразвязам, дэмакратычным Захадам. Працэсы гэтыя выключна важныя, яны наўпрост уплываюць на будучыню краіны — і падыходы да іх мусяць быць дакладна вызначанымі, цалкам зразумелымі нашаму грамадству”, — упэўненыя прадстаўнікі інтэлігенцыі.
На іх думку, пляцоўкай для выпрацоўкі супольнай пазіцыі і трыбунай для заявы пра яе можа стаць кангрэс дэмакратычных сіл, магчымасці якога не былі скарыстаныя перад прэзідэнцкімі выбарамі. „Мы заклікаем скарыстаць іх перад выбарамі парламенцкімі”, — гаворыцца ў дакуменце.
„Толькі сумесны план дзеянняў, замацаваны абавязковымі для ўсіх рашэннямі кангрэса, можа выправіць сітуацыю: вывесці апазіцыю з крызісу, вярнуць ёй палітычную вагу, давер унутры краіны і за яе межамі. Гэта цяжка, але яшчэ можна зрабіць, калі паставіць інтарэсы Беларусі вышэй за інтарэсы партый, рухаў, за асабістыя інтарэсы”, — зазначаюць аўтары звароту.
Яны аклікаюць усіх лідараў і актывістаў беларускай дэмакратычнай апазіцыі „выявіць палітычную адказнасць, склікаць кангрэс з шырокім удзелам грамадзянскай супольнасці і прыняць рашэнні, скіраваныя на ўмацаванне незалежнасці нашай дзяржавы”. „Гэта трэба зрабіць не толькі дзеля кансалідацыі апазіцыі — дзеля нацыянальнай згоды. Бо пры той нязгодзе, якая ёсць сёння ў нашым беларускім доме, мы не толькі не дойдзем да Беларусі, пра якую марым, а можам страціць нават тую, якую маем”, — падкрэсліваюць прадстаўнікі інтэлігенцыі.
Зварот падпісалі вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Зінаіда Бандарэнка, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Аляксей Марачкін, Генадзь Фядыніч.