Ірляндская мова атрымала ў Еўразвязе поўны афіцыйны статус



З 1 студзеня 2022 года ірляндская мова атрымала паўнапраўны стутус афіцыйнай мовы Еўразвязу. Цяпер усё заканадаўства ЕЗ павінна перакладацца на ірляндскую мову, таксама гэтую мову можна будзе выкарыстоўваць у зносінах у рамках інстытуцый Еўразвязу.

Пра гэта паведаміў урад Ірляндыі. Калі Ірляндыя ў 1973 годзе стала дзяржавай – сябрам ЕЗ, на ірляндскую мову перакладаліся толькі дамовы Еўразвязу. У 2005 годзе урад Ірляндыі падаў заяўку, каб ірляндская мова стала афіцыйнай і працоўнай мовай, 1 студзеня 2007 года ёй быў наданы такі статус, але з-за браку перакладнікаў колькасць дакументаў, якія падлягаюць перакладу на ірляндскую мову, была абмежаванай.

Цяпер сітуацыя зменіцца ў лепшы бок.

Ірляндская мова, якую называюць яшчэ гэльскай – з групы кельцкіх моваў. Як адну з моваў Ірляндыі яе выкладаюць у дзяржаўных школах, яе трэба ведаць для працы на пэўных пасадах дзяржаўнай службы.

Ва ўсім свеце каля 1,2 мільёна чалавек размаўляюць на ірляндскай мове.

Беларускае Радыё Рацыя