Ірына Халіп: Парламент і заканадаўчая ўлада былі знішчаныя яшчэ ў 1996 годзе
Гэта не выбарчая кампанія, а палітычная. Так кажа пра свой удзел у парламенцкай кампаніі Ірына Халіп. Вядомая беларуская журналістка вылучае сваю кандыдатуру ў беларускай сталіцы – у Партызанскай акрузе №110. На Трактарным заводзе прайшлі першыя пікеты па зборы подпісаў кандыдата ад дэмакратычнай кааліцыі «Еўрапейская Беларусь».
Сваю пазіцыю тлумачыць Ірына Халіп.
– Давайце расставім пэўныя акцэнты: я не іду ў Парламент і не ўдзельнічаю ў выбарах, таму што ў Беларусі няма ні таго, ні другога, на вялікі жаль. Парламент і заканадаўчая ўлада былі знішчаныя яшчэ ў 1996 годзе. Такім чынам я папросту прымаю ўдзел у палітычнай кампаніі, не выбарчай нават, а палітычнай. Персанальна для мяне і маіх паплечнікаў з “Еўрапейскай Беларусі” гэта хутчэй мабілізацыйная кампанія.
Людзей да пікета падыходзіць шмат, кажа Ірына Халіп, якая нагадвае, што для іх – гэта шанец два месяцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі сустракацца з людзьмі на вуліцы і даводзіць сваю пазіцыю. Дарэчы, між іншым супернік журналісткі — тэлевядучы АНТ Тэнгіз Думбадзэ. Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: baj.by