Ірына Леўшына: БелаПАН зараз перажывае самы складаны перыяд



У БелаПАН зараз самы складаны перыяд, пра гэта кажа галоўная рэдактарка першага беларускага прыватнага агенцтва навінаў, заснаванага 19 лістапада 1991 года, Ірына Леўшына.

Прычынай таму – раптоўны скон стваральніка кампаніі Алеся Ліпая і так званая “справа БелТА”.

– Раней былі перыяды безграшоўя, перыяд, калі БелаПАН фармаваўся. Але, па-першае, быў Алесь – душа кампаніі. Атмасфера была ў краіне іншая. Тады ўсё было прасцей. Па-другое, гэтая крымінальная справа, якая вісіць над намі як дамоклаў  меч. І зразумела, што яно рассыпаецца, але чымсьці яно ўсё роўна закончыцца.

РР: Ці стала больш зразумелай нагода атакі на БелаПАН і TUT.BY?

Ірына Леўшына: Я пра гэта сказала адразу – для таго, каб запалохаць недзяржаўныя СМІ. Гэта выключна палітычная справа. Гэта ціск на журналістаў. Што стала спускавым кручком, я не ведаю. Мы можам толькі здагадвацца. Хто гэта ініцыяваў, мы таксама можам толькі здагадвацца. Я думаю, што гэта на роўні дзяржаўных ідэолагаў. Гэта не сілавікі, сілавікі сталі выканаўцамі.

РР: Многія казалі, што гэта перад нейкімі важнымі падзеямі. Але важных падзей пакуль што не было. 

Ірына Леўшына: Так, але я думаю, што ўсе найперш маюць на ўвазе выбары – прэзідэнцкія і парламенцкія. І менавіта за апошнія гады ўлада відавочна страчвае кантроль над грамадствам. І дзяржаўным СМІ мала хто верыць. Запалохаць незалежныя СМІ напярэдадні выбарчых кампаній вельмі важна. І мне падаецца, што ціск будзе ўзмацняцца. Не ведаю, якім чынам. Ды нават на прафесійным роўні. Нас працягваюць не акрэдытоўваць на мерапрыемствы з удзелам кіраўніка дзяржавы.

РР: Ці карыстаецеся вы зараз інфармацыяй БелТА?

Ірына Леўшына: НЕ. І гэта ўжо справа прынцыпа.

Як вядома, Ірыну Леўшыну і міжнародную аглядальніцу БелаПАН Таццяну Каравянкову абвінавачваюць у незаконным выкарыстанні інфармацыі дзяржаўнага агенцтва навінаў БелТА. 

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Гутарыў Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелаПАН