Ірына Панядзелак: Рэжым Беларусі ставіць санкцыі вышэй за развіццё



Афіцыйная беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у працы саміту па Мэтах устойлівага развіцця, які праводзіўся ў межах 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Ню-Ёрку. Беларусь на сесіі прадставіла афіцыйная дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў Сяргеям Алейнікам.

Вынікі працы дэлегацыі ацаніла прадстаўніца ініцыятывы ў выгнанні „Моладзь за ўстойлівае развіццё ў Беларусі” Ірына Панядзелак:

– Беларуская дэлегацыя падтрымала меркаванні іншых рэжымаў – Расеі, Зімбабвэ, Кубы, Паўночнай Карэі. На жаль яны не прагаласавалі за апошнюю палітычную дэкларацыю, якая яшчэ раз пацвярджае матывацыю і паказвае магчымасці краін па дасягненні мэты ўстойлівага развіцця, бо там быў артыкул пра санкцыі. Важна пытаць на якім мы этапе ў дасягненні ўстойлівага развіцця, што дзяржава здзяйсняе або не здзяйсняе. Канешне гэта праблема вельмі актуальная ў кантэксце Беларусі, бо мы пазбаўленыя магчымасцяў, якія ёсць у іншых краінах, пытацца пра тое, што адбываецца ў краіне, што выконвае ўрад, а што не.

Па словах актывісткі, яшчэ месяц таму ў Беларусі павінен быў праходзіць Крэатон па ўстойлівым развіцці ад Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. Аднак ягонае правядзенне перанеслі па выніку саміту ў Нью-Ёрку. Паказальна, што ўдзельнікамі будучага Крэатону могуць быць толькі студэнты беларускіх ВНУ. Незалежныя ініцыятывы на такія мерапрыемствы не дапускаюцца.

Беларускае Радыё Рацыя