Ірына Траццякова: Першыя 5 назіральнікаў будуць з БРСМ і “Белай Русі”



Праваабаронца Ірына Траццякова, доўгатэрміновая назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, лічыць абмежаванне колькасці назіральнікаў палітычнай мерай, а не захадамі бяспекі перад каронавірусам.

Яна мяркуе, што рашэнне пра допуск на ўчасткі толькі 5-ці назіральнікаў па прынцыпе “хто першы акрэдытаваўся” падмацавана вялікай колькасцю прадстаўнікоў ад праўладных грамадскіх арганізацый:

– На сённяшні момант больш за 40 тысяч акрэдытаваных назіральнікаў, і перадусім гэта “Белая Русь”, БРСМ, Саюз жанчын і Федэрацыя прафсаюзаў. Адсачыўшы працу 5-7 камісій Першамайскага раёна Віцебска, я ўжо дакладна ведаю, што там больш як па 5 назіральнікаў. Адпаведна, першыя 5 месцаў ужо занятыя вось гэтымі грамадзянамі.

Паводле Ірыны Траццяковай, праваабаронцы з усяе Беларусі паведамляюць пра выпадкі, калі назіральнікаў ад праўладных грамадскіх арганізацыі акрэдытоўваюць не асабіста, а праз тэлефон. Бо ўчастковыя камісіі прыступаюць да сталай працы на канкрэтных месцах, дзе іх могуць адшукаць грамадзяне, толькі з 24-га ліпеня.

Праваабаронца мяркуе, што выбарчыя камісіі асцерагаюцца пільнага назірання. Бо пасля адмовы ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу, а таксама пасля арышту Сяргея Ціханоўскага вельмі вялікая колькасць простых людзей вырашыла пайсці ў назіральнікі, каб не дапусціць фальсіфікацый.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск