Ірына Траццякова: Віцебск “зачышчаюць” перад так званым “народным сходам”



Ужо амаль суткі ў абласным цэнтры праводзяцца ператрусы і затрыманні грамадскіх актывістаў.

Паводле праваабаронцы Ірыны Траццяковай, дваіх віцебскіх прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага затрымалі яшчэ ўчора днём, а мінулай ноччу ў кватэрах актывістаў правялі каля дзясятка ператрусаў з выманнем аргтэхнікі і затрыманнямі:

– Калі вы хочаце кагосьці затрымаць з нейкай там нагоды, то зрабіце гэта хаця б днём, а не ноччу. Бо ў сем’ях ёсць маленькія дзеці, і мінулую ноч мы пражылі  ў нейкім жаху… І мы разумеем, што ўсё гэта звязана выключна з падзеямі, якія маюць адбыцца 11-12 лютага , – з так званым “усенародным сходам”.

Пацвярджаюць меркаванні праваабаронцы і самі міліцыянты: з усіх раёнаў гораду прыходзяць паведамленні пра візіты ўчастковых міліцыянтаў, якія прыходзяць праводзіць гутаркі на тэму “калі ласка, не едзьце заўтра ў Менск”. Вядомыя выпадкі, калі ўночы ў людзей  рабілі ператрусы – нібыта ў межах крамінальных справаў за распаўсюд наркотыкаў, а ўдзень прыходзілі  з размовамі і ўгаворамі. Затрыманні працягваюцца цягам усяго дня: міліцыя забірае актывістаў, якіх раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у так званых несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. А значыць, на думку супрацоўнікаў МУС, яны могуць нешта падобнае арганізаваць і ў бліжэйшыя два дні.

Беларускае  Радыё  Рацыя, Віцебск