Ірына Вештард: Будзем удзельнічаць у выбарах



“Удзельнічаць у выбарах будзем, сядзець на купіне не застанемся”, – кажа старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.

Ірына Вештард: Не так даўно свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі мы абмяркоўвалі на пасяджэнні цэнтральнага камітэта партыі, дзе і прынялі пастанову, згодна з якой маем намер працаваць падчас кампаніі з тым дэмакратычным кандыдатам, які нам будзе больш падабацца. А скласці ініцыятыўную групу і да некага далучыцца ніколі не позна. Па-другое, мы збіраемся сфарміраваць і групу, якая будзе ўдзельнічаць у назіранні. Яе таксама ніколі не позна далучыць туды, куды трэба. Думаем і пра тыя выбары, якія будуць у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Таксама не на апошнім плане праца з насельніцтвам, і найперш трэба думаць аб тым, якое зараз эканамічнае становішча ў краіне.

РР: Вы падтрымліваеце кандыдатуру адзінага кандыдата ад апазіцыі на выбарах?

Ірына Вештард: Скажам так: дужа зацікаўлены, каб быў “адзіны” і не выключаем такі варынт развіцця падзеяў. Але адназначна магу сказаць, што мы працуем не толькі на кампанію-2015, але і на тое, каб пасля выбараў гэтая праца працягнулася. Гэта розныя рэчы, але ў комплексе – адно і тое ж. Хто ідзе да поспеху, той нечага дасягне. Трэба працаваць на перспектыву, каб усё больш і больш было людзей, якія маюць велізарную зацікаўленасць у мірных пераменах у краіне, што прывядзе да паляпшэння дабрабыту народу і захавання незалежнасці дзяржавы. Адным словам, удзельнічаць у выбарах будзем, сядзець на купіне не застанемся.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя