Ірына Вештард: У апазіцыі – кадравы голад
Намесніца старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард распавяла, ці трэба абмежаваць усіх кіраўнікоў апазіцыйных партыў у колькасці выбарных тэрмінаў.
На днях моладзевая арганізацыя АГП «Маладыя дэмакраты» выступіла з заявай аб тым, што дзеючаму кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку не варта ісці на новы тэрмін. У статут партыі прапанавана ўнесці пункт аб тым, што адна асоба мае права займаць пасаду старшыні не больш за тры разы.
Ірына Вештард: Мне падаецца, што не важна, колькі разоў адзін і той жа чалавек балатуецца на кіруючую пасаду. Галоўнае пытанне: ці добра спраўляецца кіраўнік са сваімі абавязкамі? І я магу сказаць, што сёння ў многіх нашых апазіцыйных партыях – кадравы голад. Былі ў такіх структурах вельмі таленавітыя і здольныя людзі, але многія сыйшлі на сталую працу, каб зарабляць грошы. І вось пытанне: ці выраслі новыя маладыя лідары, якім пад сілу спраўляцца з партыйнымі справамі? Таму, на мой погляд, не так і важна, ці абмежаваны колькасцю тэрмінаў праўлення лідар партыі. Тут жа найперш трэба казаць пра тое, ці будзе знойдзена дастойная замена. Калі папярэдні кіраўнік, як кажуць, выгадаваў пераемніка, то добра. Бо цягнуць партыйны воз – гэта не так і проста і ў маральным, і ў матэрыяльным плане. І, шчыра кажучы, я не бачу, хто сёння можа замяніць вопытнага Анатоля Лябедзьку.
РР: Дарэчы, ён ужо сам заявіў, што не будзе выстаўляць сваю кандыдатуру на чарговых выбарах кіраўніка партыі, затое дэпутатка Ганна Канапацкая паведаміла аб намеры заняць гэтую пасаду.
Ірына Вештард: Да таго, як Канапацкая апынулася ў паралменце, я не бачыла яе асаблівай працы ў АГП. Адна справа сядзець у парламенце, атрымліваць там заробак і зусім іншая – можна сказаць, за ідэю працаваць у партыі.
РР: Дарэчы, у вашай партыі быць на пасадзе старшыні таксама дазволена не больш за тры тэрміны. Самі да гэтага прыйшлі?
Ірына Вештард: Гэтая норма ўжо даўно існуе. Нават, калі заканчваліся мае тры тэрміны, то некаторыя казалі, што пры жаданні можна палажэнне скасаваць. Але ў мяне такога жадання не было. Хацелася больш-менш прыстойна дапрацаваць тэрмін і перадаць справы. Мне ўсё-такі не 35-40 гадоў, а таму няхай працуюць больш маладыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН