Ірына Вештард: Выбары трэба выкарыстаць



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард не верыць у празрыстасць будучых парламенцкіх выбараў.

Ірына Вештард

Фота: svaboda.org

Ірына Вештард: Увогуле, у мяне ёсць разуменне таго, што выбары нам трэба нейкім чынам выкарыстоўваць. Трэба працаваць з насельніцтвам, пашыраць шэрагі партыі. Іншая справа, што няма, як кажуць вялікага апетыту, каб удзельнічаць у выбарах. Заўсёды цікава за нешта змагацца, калі ведаеш, што мэта дасягальная. Калі ёсць магчымасць справядліва бачыць падлічанае і мець справядлівы вынік. У беларускіх рэаліях гэта практычна немагчыма.

РР: Якой вам бачыцца гэтая кампанія?

Ірына Вештард: Як і ўсе папярэднія. Не сумнявалася, які будзе вынік падчас прэзідэнцкай кампаніі, не сумняваюся і ў парламенцкіх выбарах. Мне падаецца, што кандыдатуры на месцы парламентарыяў уладамі ўжо падабраныя, і менавіта гэты “зацверджаны” склад будзе ў “палатцы”. А, калі і прапусцяць у дэпутаты некалькі чалавек ад так званага дэмакратычнага грамадства, то яны ўсё роўна не будуць моцнымі палітыкамі. Так можа стацца, што гэта будуць якраз тыя элементы, якія дужа любяць чыкацца і на адным крэсле, і на другім. І паводзіць сябе так, каб падабацца і апазіцыі, і ўладзе. Я такіх людзей не прымала б ні ў апазіцыі, ні ва ўладзе. Яны самыя небяспечныя.

РР: Як кажуць, калі няма рыбы, то і рак – рыба…

Ірына Вештард: Гэта вельмі шкодны прынцып. Бо здараецца, што той рак такі гнілы, што далей няма куды.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя