Іспанія накіравала бельгійскім уладам ордэр на арышт Пучдэмона



Уладам Бельгіі накіраваны ордэр на арышт экс-кіраўніка Каталоніі Карлеса Пучдэмона і яго чацвярых паплечнікаў.

Як паведамляюць інфармагенцтвы, дакумент на затрыманне названых асоб, якія знаходзяцца ў Бельгіі і раней на гэтым тыдні не з’явіліся па позве ў іспанскі суд, накіравала суддзя Нацыянальнай судовай калегіі Іспаніі Кармэн Ламела.

У ордэры паказана, што ў Іспаніі Карлес Пучдэмон і яго паплечнікі абвінавачваюцца ў бунце, непадпарадкаванні ўладам і растраце грамадскіх сродкаў. Адзначаецца, што ордэр на арышт дазволіць вярнуць экс-кіраўніка ўрада Каталоніі ў Іспанію на працягу 60 дзён з любой краіны ЕЗ.

У сваю чаргу сам Пучдэмон заявіў, што гатовы паўстаць толькі перад „сапраўдным правасуддзем”. „Я не збіраюся хавацца ад правасуддзя, але ад сапраўднага правасуддзя”, – сказаў ён напярэдадні ў эфіры тэлерадыёкампаніі RTBF. Знаходжанне на тэрыторыі Бельгіі ён патлумачыў тым, што пакінуў Іспанію, каб лепш падрыхтаваць сваю абарону ў судзе. Ён таксама заявіў пра гатоўнасць вылучыць сваю кандыдатуру на каталонскіх выбарах 21 снежня, хай нават гэта прыйдзецца рабіць з-за мяжы.

belta.by