Іспанія працягне выдаваць візы беларусам
Іспанія працягне выдаваць візы беларускім грамадзянам і дапамагаць беларусам з украінскімі відамі на жыхарства гэтак жа, як дапамагае ўкраінскім уцекачам. Аднак нядаўняе скарачэнне штата пасольства ў Маскве можа паўплываць на колькасць віз. Офіс Святланы Ціханоўскай даў справаздачу аб практычных выніках візіту палітыка ў Іспанію.
На бліжэйшай Радзе ЕС Іспанія ўзніме пытанне закона, які прадугледжвае ўвядзенне ў Беларусі смяротнай кары за замах на акт тэрарызму. На пасяджэнні міністраў замежных спраў разгледзяць уключэнне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі ў санкцыйныя спісы.
Паведамляецца таксама, што Іспанія не будзе падтрымліваць зняцце санкцый з калійнага сектара і „Беларуськалія”.
Іспанія зацікаўлена ў найбліжэйшыя месяцы прыняць групу дзяцей рэпрэсаваных сем’яў альбо былых палітвязняў. Ідэю падтрымалі прэм’ер-міністр і каралева Іспаніі.
Таксама каманда Ціханоўскай накіравала іспанскаму ўраду ўсе просьбы аб спрашчэнні міграцыі – не патрабаваць апастыль і доказы немагчымасці вяртання ў Беларусь і неблакіраванне банкаўскіх рахункаў.