Іван Бедка: Лукашэнка проста так нікому ўлады не аддасць



Як Вы ацэньваеце сённяшнюю выбарчую кампанію і чым яна адрозніваецца ад мінулых прэзідэнцкіх выбараў? Такое пытанне наш карэспандэнт задаў сябру Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, кіраўніку Слонімскай суполкі БХД Івану Бедку.

Спадар Іван сказаў наступнае:

– Як мы бачым з таго, што адбываецца падчас гэтай, так бы мовіць кампаніі, то язык не паварочваецца назваць яе выбарчай. Людзей хапаюць на месцах збору подпісаў. Хапаюць пры выхадзе з дому. Арганізоўваюць розныя правакацыі, штрафуюць, садзяць на суткі ў турмы. Не рэгіструюць ініцыятыўныя групы. Не прапускаюць грамадскіх актывістаў у раённыя камісіі.

Вось такую выбарчую вакханалію развяла цяперашняя ўлада. Таму гэтая кампаніі амаль нічым не адрозніваецца ад ранейшых, толькі ў сёлетняй кампаніі рэпрэсіі пачаліся з яе пачаткам, а ў 2010 годзе напрыканцы.

Пасля фальсіфікацыяў выбараў пачалася, як вы памятаеце, Плошча. Я браў удзел у падзеях на Плошчы. Быў арыштаваны на 15 сутак. На Плошчы таксама былі правакацыі. Усё скончылася хапуном. Шмат людзей пасаджалі ў турмы. Хапалі, білі дубінамі без разбору, загружалі ў аўтазакі і развозілі па турмах…

Таму галоўнае адрозненне сёлетняй кампаніі, што яе ўлада праводзіць падчас пандэміі каронавірусу. На маю думку, як медработніка, гэта нахабнае злачынства супраць нашага народа. Але час цяпер іншы. І людзям абрыдла ўлада Лукашэнкі, якая існуе зараз. Яны патрабуюць пераменаў. Мы хочам жыць у цывілізаванай краіне. Але думаю, што Лукашэнка проста так уладу нікому не аддасць. Выбары сфальсіфікуе і будзе рабіць усё, каб застацца ў прэзідэнцкім крэсле. Толькі калі ўвесь наш народ масава выкажа сваю нязгоду з ім – тады будзе іншы прэзідэнт.

Беларускае Радыё Рацыя