Івонка Сурвіла: Агрэсіўны сусед пагражае незалежнасці Беларусі
У Нью-Ёрку сёння адбылася 31-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, якую наведала амаль сотня беларусаў. Пра праграму мерапрыемства кажа старшыня рады БНР Івонка Сурвіла:
– У гэтым годзе, на маю думку, было даволі моцнае выступленне – пра сённяшнюю сітуацыю, пра расейскую агрэсію на Украіну, пра тое, чым гэта пагражае для Беларусі. Гаварылася шмат пра тое, што мы можам зрабіць як эміграцыя для Беларусі, як быць у кантакце, як быць фактычна разам з нашымі аднадумцамі ў Беларусі, што мы можам зрабіць. Пра гэта шмат гаварылася. Была цэлая дыскусія. Заўсёды на такіх сустрэчах гаворыцца пра актуальныя справы, пра тое, што адбываецца і ў дыяспары, і ў Беларусі.
Спатканне арганізаваў Бруклінскі аддзел Беларуска-Амерыканскага Задзіночання ( БАЗА). На мерапрыемства, якое адбываецца раз на два гады, прыехалі беларусы з Маямі, Чыкага і Вашынгтона, а таксама сябры Згуртаванея Беларусаў Канады.
Паліна Прысмакова, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У сваёй прамове старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла закранула праблемы як Беларусі, гэтак і дыяспары:
“Агрэсіўны сусед пагражае незалежнасці Беларусі. І народ наш можа згінуць з паверхні гэтае зямлі. Бо так доўга, як людзі на вуліцах Гародні ці Менску будуць вінаваціць кіеўскі Майдан за пуцінскую агрэсію супраць Украіны, так доўга, як народ будзе маўкліва ўспрымаць акупацыю Беларусі не толькі расейскімі алігархамі, але і маскоўскімі збройнымі сіламі, якія памнажаюць свае базы ў Беларусі, – так доўга ніхто ў свеце не будзе нас бараніць. Бо нас будуць лічыць саўдзельнікамі ў маскоўскіх злачынствах, а не ахвярамі іх”, – заявіла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падчас свайго выступу на 31 сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая прайшла ў Нью-Ёрку.
Удзельнікі сустрэчы прынялі рэзалюцыю ў якой сярод іншага выказваецца салідарнасць з украінскім народам, які бароніць сваю волю і незалежнасць у змаганні з расейскай агрэсіяй.
“Патрабуем ад расейскай улады вывесці свае войскі з Украіны. Заклікаем беларускую дыяспару ў ЗША і Канадзе рабіць усе намаганні, каб забяспечыць Беларусі магчымасць быць дэмакратычнай, суверэннай, незалежнай і тэрытарыяльна непадзельнай дзяржавай” – гаворыцца ў рэзалюцыі.