Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў напярэдадні 30-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі



Напярэдадні 30-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла звярнулася да суродзічаў.

«Надыходзіць нашае другое, пасля 25 Сакавіка, вялікае нацыянальнае свята — 25 жніўня, — нагадвае Івонка Сурвіла. — Але замест таго, каб танчыць на вуліцах, як гэта ў маім дзяцінстве рабілі 14 ліпеня французы, ці радасна святкаваць 1 ліпеня перад парламентам у Атаве, як гэта робяць дзясяткі тысяч канадыйцаў, нашаму народу дазволена адзначаць толькі замену аднае акупацыі другою. 25 жніўня нельга будзе нават выйсці на вуліцы Менска з бел-чырвона-белым нацыянальным сцягам, бо сілавікі пацягнуць у аўтазакі і турмы. Праз трыццаць гадоў пасля таго, як Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце набыла канстытуцыйную сілу, народ наш працягвае жыць не ў сваёй вольнай дзяржаве, а пад ботам садыста, які ўжо 27 гадоў здзекуецца з яго», — піша Івонка Сурвіла.

«У гэтыя 30-я ўгодкі незалежнасці волі мы яшчэ не здабылі, — нагадвае яна. — Перад намі яшчэ таемныя перагаворы з суседняй імпэрыяй, якая яшчэ ўсё ня хоча зразумець, што Беларусь не прадаецца, як бы гэтага не жадаў наш гандляр скрадзеным краем! – кажа Івонка Сурвіла і называе з’яднанасць адной з умоваў перамогі прыхільнікаў вольнай і дэмакратычнай Беларусі.