Эксклюзіўнае інтэрв’ю з Івонкай Сурвіллай: Зараз пра перадачу мандату БНР уладам Беларусі гаварыць немагчыма



Набліжаецца Дзень Волі. Госця нашага эфіру – старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыня Івонка Сурвілла.

РР: Мы ўжо азнаёміліся з вашым зваротам. Найперш ён скіраваны да моладзі. Чаму? Бо, на маю думку, многія маладыя беларусы нават і не ведаюць, што тая Рада БНР, якая фактычна была заснаваная яшчэ ў 1917 годзе падчас Першага Усебеларускага кангрэсу, існуе дагэтуль і мае старшыню.

Івонка Сурвілла: Я звяртаюся да моладзі, бо сапраўды веру, што яна – нашая надзея. Толькі моладзь, якая не мае настальгіі па савецкім рэжыме, якую старэйшыя, на жаль, маюць, – чаго я зусім не разумею, дык моладзь, якая пабачыла рэшту свету, якая ведае, як жывуць іншыя краіны, як адносяцца да людзей, як цэняць сваю незалежнасць і сваю волю, толькі гэтыя людзі змогуць нешта зрабіць для Беларусі.

РР: Хто сёння, на Вашую думку, галоўны вораг Беларусі?

Івонка Сурвілла: Ён заўсёды быў – гэта наш усходні сусед. Ён заўсёды праяўляў імперыялістычныя амбіцыі, заўсёды стараўся сцерці нас з карты свету і ўгаварыць свет, што мы не існуем, што мы – частка Расеі. Яны гэта, на жаль, прадаўжаюць цяпер, і вельмі актыўная прапаганда вядзецца. Вельмі страшна гэта, таму што старэйшы электарат наш, які мала ведае пра жыццё ў замежжы, можа паверыць, што Расея – іх добры сябра. Дык вось, гэта вельмі мяне непакоіць.

РР: Улады Беларусі зараз або ігнаруюць БНР, або замінаюць адзначаць Дзень Волі. Фактычна толькі ў Гародні і ў Менску будуць больш-меньш масавыя святкаванні сёлета. У той жа час даволі сціпла адзначаецца і 100-годдзе БССР. Хоць улады маглі б падкрэсліць менавіта, што яны пераемнікі гэтай фармацыі. На Вашую думку, у чым прынцовая розніца БНР і БССР?

Івонка Сурвілла: Гэта вельмі ясна сказана ў 3-яй Устаўной грамаце. У ёй адзначаецца, што БНР пацвярджае ўсе тыя правы і вольнасці, якія абвешчаны Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года. Я іх пералічу, бо яны паказваюць наколькі вялікая розніца паміж ідэаламі БНР і тым, чым быў БССР: вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў і, безумоўна, сумлення, незачэпнасць асобы і памяшкання. БССР паўстала, дзякуючы БНР, але хутка сталася ізноў дэ факта калоніяй Масквы.

РР: Ці ёсць у Вас свае традыцыі святкавання 25 сакавіка? І як Вы будзеце святкаваць сёлета?

Івонка Сурвілла: Я кожны год ад 1948 года святкавала 25 сакавіка. Гэта значыць ужо 70 разоў! У замежжы беларусы святкуюць разам. Ёсць вялікая імпрэза, выступаюць прамоўцы, а пасля – нацыянальны канцэрт. У гэтым годзе я буду ў Таронта і Атаве. Сёлета адбудзецца ўручэнне юбілейных медалёў 100-годдзя Рады БНР. Рада вырашыла ўзнагародзіць у Беларусі і ў свеце заслугі ў розных галінах жыцця людзей, якія спрычыніліся да здзяйснення нашых ідэалаў.

РР: Была ідэя, каб сімвалічна аформіць пераемнасць БНР і сучаснай Рэспублікі Беларусь. Як Вы ставіцеся да гэтай ідэі?

Івонка Сурвілла: Рада можа перадаць свой мандат толькі дэмакратычна абранаму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь, якое б гарантавала захаванне незалежнасці Беларусі. Гэта для нас самае галоўнае. А цяпер Беларусь не забяспечаная гарантыямі суверэнітэту, менавіта таму, што яна не ўсведамляе каштоўнасці незалежнасці. Словы Лукашэнкі не падмацаваныя канкрэтнымі дзеяннямі. Зараз пра перадачу мандату немагчыма гаварыць.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: radabnr.org

 

* * *

Зварот Івонкі Сурвіллы з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння БНР: