Ізраіль правёў танкавы рэйд на поўначы Газы
Абяцаная поўнамаштабная аперацыя ЦАХАЛ пакуль адкладаецца, але працягвае рыхтавацца.

Ізраільскія танкі прынялі ўдзел у „мэтанакіраваным рэйдзе”» ноччу на поўначы Газы, гаворыцца ў заяве Арміі абароны Ізраілю ў чацвер. Яна працягвае рыхтаваць свае сілы да наземнага ўварвання.
„Уначы Армія абароны Ізраілю правяла мэтанакіраваны рэйд з выкарыстаннем танкаў на поўначы сектару Газа ў рамках падрыхтоўкі да наступных этапаў баявых дзеянняў”, — заявілі ў ЦАХАЛ.
„Жаўнеры пакінулі зону ў канцы дзеянняў”, — дадалі вайскоўцы, якіх цытуе AFP.
Па словах ізраільскіх вайскоўцаў, падчас начнога рэйду «салдаты выявілі і нанеслі ўдары па шматлікіх тэрарыстах, тэрарыстычнай інфраструктуры і пускавым пунктам супрацьтанкавых ракет, а таксама падрыхтавалі поле бою».
