Ізраіль сфармаваў урад ваеннага часу
У Ізраілі фарміруецца ўрад ваеннага часу. Аб стварэнні надзвычайнай кааліцыі дамовіліся прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху і лідар апазіцыйнай партыі „Дзяржаўнага лагера” Бені Ганц, пішуць „Детали”.

Усе галоўныя ваенныя рашэнні будзе прымаць вузкі „ваенны кабінет”. У яго ўвойдуць: прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху, міністр абароны Ёаў Галант, экс-міністр абароны, кіраўнік «Дзяржаўнага лагера» Бені Ганц і начальнік генштаба ЦАХАЛа Герцы Халеві. Рашэнні вузкага кабінета па-ранейшаму павінны быць ухвалены поўным складам Кабінета міністраў. Месца ў вузкім кабінеце адкрыта для лідара парламенцкай апазіцыі Яіра Лапіда. Пакуль ён не ўвайшоў у яго, бо дамагаўся ад прэм’ера адхілення двух вельмі правых міністраў.
Пагадненне таксама мяркуе, што ў перыяд вайны не будуць прымацца законапраекты ці ўрадавыя рашэнні, не звязаныя з вядзеннем вайны.
Надзвычайны ўрад будзе дзейнічаць толькі на час вайны.
