Ізраіль як сімвал нязломнасці
Яшчэ ў школьныя гады ў СССР выраз «израильская военщина» я слухаў як музыку. У Савецкім Саюзе, найбольш у РСФСР, габрэяў малявалі бездапаможнымі хлюпікамі, ставіліся з пагардай, як да сімвалу чагосьці слабога і бездапаможнага. Зрэшты, як і часткова да беларусаў ды іншых «унтэрменшаў». А калі ў праграме «Время» дэманстравалі ізраільскага вайсковага «шварцнегера», то бок, крутога баевіка, ты адчуваў, што ўсё магчыма.
Я хачу нагадаць, што ў часы кражакоў, якія хадзілі паходамі на Ерусалім, габрэям сярод мусульманаў жылося спакойна. Антысемітызм – справа нажыўная, яе раскручвалі палітычным чынам, калі была патрэба знайсці вінаватых сярод непадобных.
Паколькі габрэі, дакладней, вернікі іўдаізму, былі прымусова выселеныя са сваёй роднай зямлі, вядомую як Зямля Абяцаная, то яны рассяліліся практычна па ўсёй планеце. І сталіся вельмі зручнай мішэнню, калі трэба было абвінаваціць ва ўсіх грахах кагосьці не свайго.
Уявіце, што стагоддзямі габрэі выконвалі функцыю этнічна-рэлігійнай групы для біцця. Хіба толькі ў ВКЛ яны мелі спакойнае жыццё, хоць і абмежаванае ў правах. Напрыклад, не маглі набываць зямлю і служыць у войску.
І вось у 1948 годзе паўстае, дакладней аднаўляецца праз тры тысячы гадоў, габрэйская дзяржава. Нават у назве няма пазначэння, што рэспубліка, хоць сіпалітычная сістэма менавіта рэспубліканская. Проста – Дзяржава Ізраіль.
Практычна адразу Ізраіль пачынае атакавацца з розных бакоў тэрарыстамі з арабскіх арганізацый.
Раптам замест «хлюпікаў» мы бачым «израильскую военщину». Людзі ведаюць, што невялікая вузка выцягнутая тэрыторыя Ізраілю ёсць пад пастаянным прыцэлам ворагаў, якія сваю непрыязь маскіруюць рэлігійнымі матывамі.
Ведаюць, але едуць, каб адбудоўваць і мацаваць сваю Зямлю Абяцаную. Мацаваць і бараніць. Пяцьдзясят гадоў таму адбылася кароткая Вайна Суднага дню. Каб зразумець як гэта выглядала, проста ўявіце, што адзін сярэдні танкавы экіпаж за дзень падбіваў трыццаць танкаў Сірыі і Егіпту. А асаблівыя асы да пяцідзесяці танкаў.
Гэта Ізраіль, гэта тэхналогіі і матывацыя бараніць сваё.
Таму для адных Ізраіль – сімвал нязломнасці.
А для ворагаў… Для ворагаў прыдуманыя казкі на рэлігійнай глебе. Зразумела, што пры ўсёй сваёй культурнай спецыфіцы Блізкага Усходу ідэйна Ізраіль – гэта фарпост заходняй цывілізацыі сярод нафтаздабывальных краінаў.
Б’ючы па ізраільцянах, рэлігійныя фанатыкі мусульманскіх краінаў як бы б’юць па ЗША – галоўнаму саюзніку Ізраілю. Зрэшты, як і тыя, хто падтрымліваюць тэрарыстаў, жывучы ў іншых краінах.
Пасля Бучы і Марыупалю ва Украіне людзі сталі больш катэгарычнымі што да спосабаў тэрарыстаў. Тэрарыстаў цяпер будуць знішчаць значна хутчэй. Галоўнае, самім заставацца людзьмі ў кожным разе.
Беларускае Радыё Рацыя