Ізраільска-палестынскі канфлікт: хутчэй эскалацыя, чымсьці мір



11 траўня палестынскія баевікі атакавалі гарады Ізраілю. У адказ узброеныя сілы Ізраіля нанеслі ўдары па сотнях цэляў у сектары Газа. Штуршком паслужыла планаванае высяленне некаторых арабскіх сем’яў ва Усходнім Ерусаліме на карысць ізраільскіх пасяленцаў.

Як канфлікт выглядае знутры, у нашым ранішнім эфіры расказала беларуска Дар’я Альперн-Каткоўская, якая жыве ў горадзе Эйлат:

– Учора выступаў прэм’ер-міністр і міністр абароны, пазіцыя такая, што ўдар, які будзе нанесены па ХАМАС, будзе вельмі моцны. Я ведаю, што ў грамадстве ў апошнія гады ёсць нейкі скепсіс у дачыненні да дзеянняў ураду да ХАМАСу. Ёсць меркаванне, што ХАМАС перамагае ў гэтай вайне, бо ім сваіх людзей не шкада, а нам сваіх людзей шкада. Яны пачынаюць бамбаваць, хтосьці гіне, мы наносім нейкія кропкавыя ўдары па іх лакацыях, дзе ў іх боепрыпасы ці офісы ХАМАС і на гэтым усё сканчваецца. Яны бамбяць мірныя гарады. Што будзе ў гэты раз невядома. Вядома, што пакуль не плануецца наземная аперацыя. Апошняя вялікая наземная аперацыя была ў 2014 годзе, тады загінула 14 жаўнераў. Для Ізраілю гэта вельмі шмат. Я ведаю, што ўчора ўночы кабінет міністраў прыняў рашэнне ўдар па Газе, перайсці на больш высокі ўзровень адказу. Пра гэта таксама прымае рашэнне такі звужаны кабінет, куды ўваходзяць прэм’ер-міністр, міністр абароны і кіраўнікі выведак. Гэта значыць, што яшчэ не будзе наземнай аперацыі, але магчыма, што будзе пашыраны спіс асобаў, якіх яны збіраюцца знішчыць, а таксама пашыраны спіс лакацый, па якіх яны будуць бамбіць. Прычым гэтыя лакацыя загадзя вядомыя, бо Ізраіль паведамляе мясцовым жыхарам, што яны мусяць пакінуць гэтыя раёны.

Такога ўдару напэўна ніхто не чакаў, хаця зараз меркаванне, што выведка папярэджвала, што гэта здарыцца. Я так разумею, што аперацыя з боку Ізраілю заключаецца ў тым, каб выматаць ХАМАС, знішчыць яго баявыя структуры і сцішыць гэта на некалькі гадоў. На сённяшні дзень не ідзе гаворка пра нейкі канец.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Раніцай у чацвер Ізраіль працягнуў ракетныя абстрэлы сектара Газа, The Associated Press паведамляе пра 10 забітых баевікоў ХАМАС. У адказ на гэта радыкалы з групоўкі „Ісламскі джыхад” пашырылі перыметр зоны ўдараў па Ізраілю, цяпер ракеты нацэленыя і на Тэль-Авіў, і на яго прыгарады. Пра пацярпелых паведамляецца з абодвух бакоў. Палестынскія медыкі паведамілі, што ў сектары Газа на працягу эскалацыі загінулі каля 70 чалавек, сярод іх 16 дзяцей. У Ізраіле паведамляюць пра не менш за шэсць ахвяраў.

Беларускае Радыё Рацыя