Кааліцыя на чале з ЗША прыпыніла аперацыю ў Іраку
Кааліцыя на чале з ЗША прыпыніла ваенную аперацыю „Непахісная рашучасць” у Іраку. Пра гэта 5 студзеня паведаміла прэс-служба штабу аперацыі.
У паведамленні гаворыцца, што галоўным прыярытэтам для кааліцыі ёсць абарона персаналу кааліцыі, а рэгулярныя абстрэлы ваенных базаў удзельнікамі фармавання”Хезбала Катаіб” прывялі да гібелі амерыканскіх грамадзян і іракскіх праваахоўнікаў.
У выніку нападаў амерыканцы прынялі рашэнне засяродзіцца на абароне сваіх аб’ектаў, дзе размешчаны вайскоўцы.
Прэс-служба аперацыі адзначае, што кааліцыя гатовая ў кожны момант вярнуцца да супрацьстаяння ісламістам.
5 студзеня парламент Іраку прагаласаваў за рэзалюцыю, якая адмяняе пагадненне з міжнароднай кааліцыяй супраць ІДзІЛ на чале з ЗША з-за забойства ў Багдадзе іранскага генерала Касема Сулеймані. Рэзалюцыі парламенту, аднак, не з’яўляюцца абавязковымі для ўраду, паколькі гэта не законы. Напомнім, што ў ноч на 3 студзеня ЗША здзейснілі ракетны ўдар па міжнародным аэрапорце Багдаду ў Іраку, у выніку чаго загінуў камандзір іранскага элітнага падраздзялення „Аль-Кудс” Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі генерал-маёр Сулеймані. Разам з ім загінуў намеснік камандуючага Сіламі народнай мабілізацыі Іраку (якія падтрымліваюць Іран) Абу Махдзі аль-Мухандзіс і яшчэ 10 чалавек: ахоўнікі Сулеймані і спадарожнікі.
У Пентагоне заявілі, што ліквідацыя Сулеймані была праведзена паводле загаду прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. ЗША лічаць Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі тэрарыстычнай арганізацыяй, а Сулеймані – суўдзельнікам атак на амерыканскую амбасаду і ваенныя базы ЗША ў Іраку.
Іранскае кіраўніцтва пасля ліквідацыі Сулеймані стала пагражаць ЗША суровай помстай за смерць генерала.
Дональд Трамп заявіў, што „смерць невінаватых людзей была хваравітай жарсцю Сулеймані”. „Мы дзеілі, каб спыніць вайну. Мы не рабілі дзеянняў, каб пачаць вайну”, – сказаў прэзідэнт ЗША. Ён заявіў, што ЗША здзейсняць удар па 52 аб’ектах у Іране, калі Тэгеран заатакуе амерыканцаў.
Беларускае Радыё Рацыя