Каардынацыйная група Еўразвяз-Беларусь правяла другі раўнд сустрэч
У Менску 16-17 лістапада адбылося пасяджэнне Каардынацыйнай групы Еўразвяз-Беларусь. Першую сустрэчу група правяла ў красавіку 2016 года. Дэлегацыю Еўразвязу ўзначальваў выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў Томас Маер-Хартынг. У дэлегацыю ўваходзілі прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі, якія займаюцца пытаннямі Еўрапейскай палітыкі суседства, эканомікі і фінансаў, гандлю, навакольнага асяроддзя, даследаванняў і інавацыйнай дзейнасці, а таксама аховы здароўя і бяспекі прадуктаў харчавання. Беларуская дэлегацыя працавала пад кіраўніцтвам намесніка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алены Купчыной і ўключала ў сябе прадстаўнікоў і іншых міністэрстваў. У перамовах таксама ўзялі ўдзел беларускія эксперты і няўрадавыя арганізацыі.
Акрамя таго, дэлегацыю ЕЗ прымалі ў сябе міністр замежных спраў Уладзімір Макей і намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў.
На ўсіх сустрэчах дэлегацыя ЕЗ зазначала, што прыняцце Беларуссю канкрэтных захадаў для забеспячэння ўніверсальных фундаментальных свабод, прынцыпу вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку скасаванне смяротнага пакарання, застанецца ключавым пытаннем пры фармаванні далейшай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі.
Падчас пасяджэння Каардынацыйнай групы ЕЗ-Беларусь быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў, у тым ліку пытанні мабільнасці, кантактаў паміж людзьмі, гандлю, мытнай дзейнасці, транспарту, навакольнага асяроддзя, энергетыкі, навуковых даследаванняў, адукацыі, санітарных і фітасанітарных стандартаў, сельскай гаспадаркі і сацыяльнай абароны. Бакі абмяняліся поглядамі на падзеі ў рэгіёне. Асобная сустрэча была прысвечана пытанням правоў чалавека і палітычных свабод.
Дэлегацыя ЕЗ прапанавала вызначыць Прыярытэты партнёрства з акцэнтам на сістэму кіравання, умацаванне інстытутаў, эканамічнае развіццё і рынкавыя магчымасці, узаемазвязанасць і энергаэфектыўнасць, мабільнасць і кантакты паміж людзьмі. Гэтая прапанова адпавядае прыярытэтам, узгодненым усімі партнёрамі на Рыжскім саміце ў 2015 годзе.
У адпаведнасці з прынятай у ЕЗ палітыкай супрацоўніцтва і задзейнічання грамадзянскай супольнасці дэлегацыя ЕЗ таксама заклікала ўлады да шырокіх кансультацый з усімі зацікаўленымі бакамі і правяла асобную сустрэчу з беларускімі праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.