Каардынацыйная рада апазіцыі правяла брыфінг
У Менску прайшла прэс-канферэнцыя сяброў Каардынацыйнай рады апазіцыі, закліканай забяспечыць перамовы аб перадачы ўлады і вырашэнне палітычнага крызісу.
Рада выступіла за адкліканьне дэпутатаў
Юрыст Максім Знак падкрэсліў, што ўзяць адказнасць за падзеі мусіць Палата прадстаўнікоў. Аднак дэпутаты ўпарта адмоўчваюцца. Гэта дае падставу пачаць працэдуру адклікання «абраннікаў», якія нічога ня робяць дзеля стабілізацыі сітуацыі.
Рыхтуюць запыт, чаму Лукашэнка быў з аўтаматам
Марыя Калеснікава вярнулася да ўчорашняга «Маршу новай Беларусі». Яна выказала неразуменне, на якой падставе Аляксандар Лукашэнка ня толькі сам бегаў па рэзідэнцыі з баявой зброяй, але ўзброіў яшчэ і свайго непаўналетняга сына Мікалая. На гэтай падставе будзе падрыхтаваны запыт у кампетэнтныя органы.
Рада за супрацу і дыялёг з усімі краінамі
Павел Латушка сказаў, што ўсе краіны заклікаюць да пачатку ўнутранага дыялогу, і толькі ўлады Беларусі ад гэтага адмаўляюцца. Роля Каардынацыйнай рады прызнаная многімі еўрапейскімі ўрадамі, аднак кіраўніцтва Беларусі намагаецца падвесці яе дзейнасць пад крымінальны артыкул аб спробе «гвалтоўнай змены ўлады».
Латушка заклікаў Расею не давяраць галаслоўным заявам афіцыйнага Менску, маўляў рада збіраецца ўзвесці сцяну на ўсходзе, бо грамадзянская платформа на падобнае не ўпаўнаважаная. «Мы за супрацу і дыялог з усімі краінамі, асабліва суседзямі», — адзначыў ён.