Каардынацыйная рада настойвае на поўным вызваленні ўсіх палітзняволеных
Каардынацыйная рада (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі настойвае на поўным вызваленні ўсіх палітычных зняволеных.
„Апошнім часам мы назіраем працэс змены меры стрымання палітычным зняволеным, — гаворыцца ў паведамленні ў тэлеграм-канале КР. — Пад выглядам вызвалення пад хатні арышт выйшлі сем чалавек, у тым ліку член прэзідыума КР, найвядомы юрыст Беларусі і заснавальніца медыяцыі ў нашай краіне Лілія Уласава”.
„Але змена меры стрымання — не вызваленне! Гэта толькі змянена ўмоў утрымання. Гэта толькі няёмкая імітацыя, ілюзія, мэта якой — увесці грамадства ў зман. Вызваленне — гэта поўнае і безумоўнае спыненне загадзя незаконна распачатых крымінальных спраў і крымінальнага пераследу ўсіх палітычных зняволеных. Нагадваем: пакуль ні адна крымінальная справа не спыненая. Ні адно абвінавачванне не знятая”, — падкрэслівае Каардынацыйная рада.
Акрамя вызвалення ўсіх палітвязняў КР патрабуе спыніць палітычны пераслед грамадзян, распачаць крымінальныя справы ў дачыненні да парушальнікаў правоў грамадзян і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Таксама рада настойвае на правядзенні новых выбараў па міжнародных стандартах з новым складам выбарчых камісій усіх узроўняў, уключаючы Цэнтрвыбаркам.
10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з палітвязнямі ў следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
На сустрэчы прысутнічалі былы кіраўнік „Белгазпрамбанка”, экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка, яго сын, кіраўнік перадвыбарнага штаба Эдуард Бабарыка, палітычны кансультант Віталь Шкляраў, юрыст і медыятар Лілія Уласава, юрысты Максім Знак і Ілья Салей, палітолаг і актывіст Юрый Васкрасенскі, дырэктар ІТ-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, бізнэсмэн, сузаснавальнік інтэрнэт-выданняў kyky.org і The Village Belarus, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і „Галерэі Ў” Аляксандр Васілевіч, Кірыл Бадзей, які займаў да арышту пасаду в.а. старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, Сяргей Дабралёт, былы намеснік старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, і Сяргей Ціханоўскі, відэаблогер, аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця”, муж экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
На наступны дзень двум удзельнікам — Юрыю Васкрасенскаму і Дзмітрыю Рабцэвічу — была змененая мера стрымання на хатні арышт (Васкрасенскаму пасля змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе). Увечары 13 кастрычніка пад падпіску аб нявыездзе выпусцілі яшчэ двух фігурантаў „справы PandaDoc” — галоўнага бухгалтара Юлію Шардыку і HR Уладзіслава Міхалапа. 16 кастрычніка на хатні арышт быў пераведзены Ілья Салей. 19 кастрычніка стала вядома пра змену меры стрымання Віталю Шкляраву і Ліліі Уласавай.
Шклярава выпусцілі з СІЗА 16 кастрычніка і змясцілі пад хатні арышт. У панядзелак увечары 19 кастрычніка мера стрымання зноў была змененая — на падпіску аб нявыездзе.