Каардынацыйная рада патрабуе неадкладнага вызвалення сваіх прадстаўнікоў



Каардынацыйная рада (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі патрабуе ад уладаў неадкладнага вызвалення сваіх прадстаўнікоў Марыі Калеснікавай, Ліліі Уласавай, Антона Раднянкова, Івана Краўцова, а таксама пацвярджэння магчымасці свабоднага вяртання ў краіну Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі і кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

У заяве КР адзначаецца, што „невядомымі людзьмі ў цэнтры Менска выкрадзеныя член прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава, прэс-сакратар Антон Раднянкоў, выканаўчы сакратар Іван Краўцоў”.

„Іх месцазнаходжанне невядомае. Пры гэтым органы, закліканыя ў нашай краіне абараняць парадак і законнасць, да гэтага часу не далі інфармацыю пра месцазнаходжанне нашых калег і адмаўляюць сваё дачыненне”, — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца таксама, што 5 верасня з Беларусі была гвалтоўна вывезеная член прэзідыума КР Вольга Кавалькова, якая да гэтага адбывала адміністрацыйны арышт. Раней абвінавачванне па крымінальнай справе было выстаўленае члену прэзідыума КР Ліліі Уласавай, пад адміністрацыйным арыштам знаходзіцца яшчэ адзін член прэзідыума савета Сяргей Дылеўскі.

„Відавочна, што такія метады з’яўляюцца незаконнымі і не могуць прывесці ні да якога іншага выніку, акрамя абвастрэння сітуацыі ў краіне, паглыблення крызісу і далейшага нарастання пратэстаў. Мы бачым, што ў апошнія дні ўлада замест спробы дыялогу з грамадствам пачала адкрыта выкарыстоўваць метады тэрору”, — гаворыцца ў заяве.

КР падкрэслівае: усе дзеянні, якія здзейсненыя асобамі „ў афіцыйным статусе”, спалучаныя з ужываннем гвалту і накіраваныя на падаўленне палітычнай і грамадскай актыўнасці грамадзян, з’яўляюцца „злачынствамі супраць чалавецтва і могуць быць расследаваныя без абмежавання тэрмінаў даўнасці”.

belapan.by

Фота: svaboda.org