Каардынацыйная рада запатрабавала ад улад спыніць ціск на яе членаў
Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне вечарам 31 жніўня выступіла з заявай, у якой асудзіла сённяшняе затрыманне члена прэзідыума КР юрыста Ліліі Уласавай.
„Паказальна, што Лілія Уласава з’яўляецца адным з самых вядомых медыятараў як у Беларусі, так і за мяжой, — гаворыцца ў заяве. — Мы выказваем заклапочанасць у сувязі з затрыманнем чарговага члена прэзідыума Каардынацыйнай рады. Гэтае дзеянне праваахоўных органаў у сукупнасці з адміністрацыйнымі арыштамі членаў прэзідыума Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага, як і распачынанне крымінальнай справы па факце стварэння рады, мы расцэньваем як палітычна матываваны націск”.
На думку КР, дзеянні ўладаў накіраваныя на дэзарганізацыю яе працы і сведчаць пра тое, што ўлада не зацікаўленая ў грамадскім дыялогу і вырашэнні ўнутрыпалітычнага крызісу шляхам перамоў.
„Мы лічым, што ўсякі націск на членаў Каардынацыйнай рады павінен быць спынены. Усе бакі павінны спрыяць вырашэнню грамадска-палітычнага крызісу выключна шляхам дыялогу”, — сказана ў заяве.
Як паведамлялася, Уласава была затрыманая ў Мінску 31 жніўня супрацоўнікамі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Паводле інфармацыі члена савета Паўла Латушкі, дома ва Уласавай прайшоў вобшук.
Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
На допыты ў Следчы камітэт па гэтай крымінальнай справе былі выкліканыя члены прэзідыума КР: юрыст Максім Знак, лідар страйкама МТЗ Сяргей Дылеўскі, міжнародны медыятар Лілія Уласава, былы дыпламат, чыноўнік і экс-дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка, нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч, каардынатар перадвыбарнага штаба Віктара Бабарыкі, паплечніца Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава.
Прэс-сакратар КР Антон Раднянкоў таксама выкліканы ў Следчы камітэт. Яму належыць з’явіцца 1 верасня ў 10 гадзін.
Два члены прэзідыума рады — Сяргей Дылеўскі і давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова — зараз знаходзяцца ў ІЧУ ў Жодзіне, дзе адбываюць 10-сутачны адміністрацыйны арышт паводле абвінавачання ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Яны былі затрыманыя раніцай 24 жніўня каля прахадной МТЗ.
28 жніўня невядомымі быў затрыманы член Каардынацыйнай рады, а таксама каардынатар штаба былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Віталь Крыўко.
Згодна з рэзалюцыяй КР, рада ставіць сваёй мэтай не змену канстытуцыйнага ладу, а выхад з палітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, і забеспячэнне згоды ў грамадстве на аснове Канстытуцыі.
belapan.by