Каардынацыйная рада запатрабавала спыніць пераслед беларусаў



У сувязі з распачынаннем крымінальнай справы пасля нядзельнага Маршу супраць тэрору Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу выступіла са зваротам, у якім запатрабавала спыніць пераслед грамадзян па палітычных матывах.

„Мірнае нядзельная шэсце ў Курапаты, каб ушанаваць памяць рэпрэсаваных у 1937—1941 гадах, было сустрэтае аўтаматамі і жорсткімі затрыманнямі, — адзначаецца ў заяве. — Улада ў Беларусі, якая спрабуе ўтрымацца метадамі застрашвання і рэпрэсій, на самай справе баіцца праўды і ўласнага народа”. На думку КР, „свабодных беларусаў ужо не напалохаць” артыкулам 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), таму „рэжыму даводзіцца шукаць новыя спосабы ўціску”.

„231 затрыманы на нядзельным маршы стаў падазраваным па крымінальнай справе паводле артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Улада паўтарае страшную гісторыю рэпрэсій НКУС, штампуючы сфабрыкаваныя справы”, — лічыць КР.

Каардынацыйная рада „асуджае пераслед мірных беларусаў і націск на грамадзян толькі за тое, што яны маюць сваё меркаванне”. „Мы заклікаем неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых і спыніць іх пераслед па палітычных матывах”, — гаворыцца ў заяве.

Раней экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, каментуючы дзеянні сілавікоў на нядзельнай акцыі, заявіла, што на Маршы супраць тэрору „рэжым зладзіў новы тэрор”.

belapan.by