Каб трапіць у Крым, трэба будзе пакланіцца партрэту Пуціна



Неўзабаве тым, хто захоча патрапіць у Крым, трэба будзе выканаць Гімн Расейскай Федэрацыі і тройчы пакланіцца партрэту Уладзіміра Пуціна. Пра такі парадак пераезду мяжы заявіў кіраўнік анэксаванага паўвострава Сяргей Аксёнаў.

KMO_149154_00046_1_t218_221954

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Сяргей Аксёнаў зрабіў такую гучную заяву падчас сустрэчы з расейскімі журналістамі ў Сімферопалі. Праўда, паводле Аксёнава, патрабаванне тычыцца не ўсіх, хто збіраецца наведваць паўвостраў, а толькі тых, каго ў Расеі называюць “украінскімі радыкаламі”, а таксама байцоў дабраахвотных батальёнаў. Да таго ж, паводле кіраўніка анэксаванага Крыма, тых гасцей паўвострава, якіх падазраюць у кантактах з дабраахвотнымі батальёнамі, цяпер будуць правяраць па адпаведных базах дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў.

Сяргей Аксёнаў запэўніў, што ўжо звярнуўся ў Антытэрарыстычны камітэт Расеі з просьбай спраўджаць усіх падазроных на прадмет ведаў расейскага гімна і адбівання трох паклонаў партрэту расейскага прэзідэнта.

Да расейскай анэксіі Крыма цяперашні яго кіраўнік Сяргей Аксёнаў быў дэпутатам крымскай Вярхоўнай Рады ад блока “Русское единство». Паводле дадзеных украінскага МУС, у 90-я гады Сяргей Аксёнаў уваходзіў у арганізаваную злачынную групоўку “Сэйлам”, якая займалася рэкетам, вымагальніцтвам і наёмнымі забойствамі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kommersant.ru