Кабінет Ціханоўскай спрабуе ўсталяваць афіцыйныя адносіны з Кіевам
Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага Пераходнага кабінету Беларусі Валер Кавалеўскі знаходзіцца ва Украіне з мэтай усталявання афіцыйных адносінаў з уладамі Украіны. Пра гэта паведамляе Тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

Плануецца, што падчас паездкі Кавалеўскі праінфармуе ўкраінскі бок аб дзейнасці кабінету, правядзе кансультацыі ў сувязі з эскалацыяй удзелу рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Будуць таксама разгледжаныя супольныя захады дзеля абароны незалежнасці абедзвюх краін ва ўмовах расейскай агрэсіі і вырашэння ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі.
