Кабякоў: Мы павінны быць гатовыя да горшага сцэнарыя
„Беларускай эканоміцы цяпер складана”, – заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў 9 лютага.
„Яшчэ два месяцы таму мы мелі адзін прагноз, заснаваны на экспертных ацэнках міжнародных фінансавых інстытутаў, – гэта 50 даляраў ЗША за бараль нафты. Цяпер сітуацыя рэзка змянілася, і мы маем каля 30 даляраў ЗША за бараль, – прыводзіць словы Кабякова прэс-служба Саўміна. – Ніхто не можа з высокай ступенню верагоднасці сказаць, як будзе сябе паводзіць знешняя рынкавая стыхія. Але мы павінны быць гатовыя да горшага сцэнарыя”.
У гэтых умовах, адзначыў прэм’ер-міністр, урад выпрацаваў пакет неадкладных антыкрызісных мер. „Падрыхтавана адразу сем праектаў указаў кіраўніка дзяржавы і пастаноў урада, накіраваных на гарантаванне эканамічнай бяспекі краіны, мабілізацыю рэсурсаў, павышэнне аператыўнасці і комплекснасці прыняцця рашэнняў на ўсіх узроўнях кіравання, павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі, а таксама кансалідацыю бюджэту”, – заявіў Кабякоў.
Прадугледжваецца „выразны падзел зон адказнасці па валютных абавязацельствах, эфектыўнасці кіравання актывамі дзяржаўных прадпрыемстваў”. Вызначаны задачы, арыентаваныя на «дыверсіфікацыю экспарту, прыцягненне замежных інвестыцый, стварэнне ўмоў для паскоранага развіцця малога і сярэдняга бізнесу”. У якасці сістэмнай меры павышэння эфектыўнасці вытворчага сектара вызначана «рацыянальнае імпартазамяшчэнне”.
„Адначасова з мерамі па павелічэнні даходаў прадугледжваюцца меры і па скарачэнні выдаткаў, – сказаў Кабякоў. – Мы будзем сур’ёзна аптымізаваць перш за ўсё не першачарговыя капітальныя выдаткі”.