Кабякоў паляцеў у Малдову



Беларусь і Малдова разлічваюць выйсці на тавараабарот мінімум 400 млн даляраў ЗША, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 2 кастрычніка на сустрэчы ў Кішынёве з прэм’ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.

Прэм’ер-міністр Беларусі знаходзіцца ў Малдове з афіцыйным візітам 2—3 кастрычніка.

„У першым паўгоддзі гэтага года, нягледзячы на няспынныя крызісныя з’явы ў сусветнай эканоміцы, акрэсліўся рост тавараабароту. За сем месяцаў 2016 года аб’ём узаемнага гандлю павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам амаль на 10% і склаў 150 мільёнаў даляраў. Нам трэба замацаваць гэты станоўчы вынік і ставіць перад сабой мэту вярнуцца на ўзровень 2014 года — прыблізна 400 мільёнаў”, — цытуе Кабякова дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Паводле яго слоў, галоўная мэта перамоў — знайсці „пункты росту” для таго, каб істотна актывізаваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. „Мой візіт з’яўляецца працягам развіцця адкрытых і дружалюбных адносін паміж Беларуссю і Малдовай”, — падкрэсліў ён.

Кабякоў таксама заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў сумеснай перапрацоўцы малдаўскай плодаагародніннай прадукцыі для далейшай яе пастаўкі на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза „з улікам развітой прамысловай і транспартна-лагістычнай інфраструктуры Беларусі”.

Беларусь гатовая падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў галіне будаўніцтва дарог і інфраструктуры, узвядзення малочна-таварных ферм і іншых сельскагаспадарчых аб’ектаў. „Лічу, што мы можам больш актыўна папрацаваць у гэтых напрамках”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Кабякоў канстатаваў, што пытанне аб вызначэнні некалькіх прыярытэтных міждзяржаўных праектаў стаіць на парадку міжурадкамісіі ўжо даўно, аднак у практычную плоскасць пакуль не перайшло. „Мяркую, што, магчыма, камісіі варта стварыць спецыяльную групу, якая зоймецца вырашэннем гэтага пытання”, — падкрэсліў ён.

„Сур’ёзную перспектыву мы бачым у кааперацыйных сувязях. Зараз у Малдове вырабляюцца беларускія тралейбусы і трактары. Прапрацоўваецца праект зборачнай вытворчасці аўтобусаў „МАЗ”, — адзначыў Кабякоў. Паводле яго слоў, беларускія вытворцы гатовыя да павелічэння аб’ёмаў выпуску прадукцыі на дзейных вытворчасцях, рэалізацыі новых значных для дзвюх краін праектаў.

Ён таксама паведаміў, што новым сумесным праектам з’яўляецца зборка гібрыдных тралейбусаў, якая пачалася сёлета ў Малдове. „Перавагі новага віду транспарту відавочныя. Яны змогуць, у тым ліку і без кантактнай сеткі, рухацца па вуліцах малдаўскіх гарадоў і за іх межамі. Упэўнены, што хутка і суседнія краіны пачнуць прыглядацца да сумесна вырабленай у Кішынёве прадукцыі. Гэта трэба выкарыстоўваць для выхаду на рынкі трэціх краін”, — лічыць кіраўнік беларускага ўрада.

Яшчэ адным прыкладам супрацоўніцтва ён назваў нядаўна створанае зборачнае прадпрыемства беларускіх трактароў малой і сярэдняй магутнасці ў Гагаузіі. „Прыемна, што ўрад Малдовы падтрымлівае такія праекты, кампенсуючы чвэрць кошту трактара, набытага малдаўскім аграрыем. Спадзяемся, што і ў далейшым малдаўскае кіраўніцтва будзе ўсяляк падтрымліваць такія ўзаемавыгадныя праекты”, — сказаў Кабякоў.

belapan.by