Кабякоў прапанаваў Мядзведзеву „расшыць наяўныя вузкія месцы”
Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў прапанаваў свайму расейскаму калегу Дзмітрыю Мядзведзеву „расшыць наяўныя вузкія месцы” ў двухбаковых стасунках. Пра гэта ён заявіў 8 снежня ў Гомелі на сустрэчы з Мядзведзевым у вузкім складзе, якая папярэднічае пасяджэнню Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, паведамляе БелТА.
Кабякоў адзначыў, што інтэнсіўныя двухбаковыя кантакты даюць пэўныя вынікі, у тым ліку ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
„Мы сёння сабраліся ў такім складзе да саюзнага Саўміна, каб расшыць наяўныя вузкія месцы. Гэта дазволіць вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць у двухбаковай супрацы, і рухацца далей па тых напрамках, якія мы лічым важнымі”, – сказаў прэм’ер-міністр. Паводле яго слоў, сённяшняя праца саюзнага Саўміна павінна быць станоўча ацэненая бізнесам, органамі дзяржкіравання і грамадзянамі дзвюх краін.
Мядзведзеў, у сваю чаргу, прапанаваў „абмяняцца думкамі па асноўных напрамках двухбаковага супрацоўніцтва”.
Як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, перад сустрэчай прэм’ер-міністры наведалі ў Гомелі Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Кабякоў адзначыў, што дадзены РНПЦ – адзін з самых сучасных медыцынскіх цэнтраў у Беларусі. Кіраўнік беларускага ўрада прапанаваў прапрацаваць пытанне, як магчымасці цэнтра могуць у большым аб’ёме выкарыстоўвацца расейскім бокам. Мядзведзеў пацвердзіў цікавасць расейскага боку да ўзаемадзеяння.
На парадку дня пасяджэння саюзнага Саўміна больш за 20 пытанняў, якія закранаюць увесь спектр двухбаковых адносін, асноўны акцэнт будзе зроблены на гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
Фота БелТА