Кабякоў: Рэзкіх рухаў пры аптымізацыі дзяржапарату не будзе
Аптымізацыя органаў дзяржкіравання будзе праходзіць паступова і без рэзкіх рухаў, заявіў журналістам 17 сакавіка прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў паводле вынікаў нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па пытанні аптымізацыі колькасці дзяржорганаў, паведаміла прэс-служба ўрада.
„Мы павінны ў максімальнай ступені аптымізаваць працэсы, звязаныя з дзяржкіраваннем, і знізіць іх затратнасць, не змяншаючы, а нават павялічваючы якасць кіраўніцкіх рашэнняў. Гэты працэс павінен ісці не як нейкая кампанія да пэўнай даты, а паступальна, на працягу па меншай меры гэтага года. І няма гаворкі пра тое, што нават на працягу гэтага года працэс будзе завершаны. Ён павінен ісці пастаянна”, — адзначыў Кабякоў.
Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што пытанні скарачэння колькасці супрацоўнікаў і змены аплаты іх працы павінны быць „не ў адрыве ад працэсаў, якія адбываюцца ў рэальным сектары эканомікі і ў іншых сферах дзейнасці, што фінансуюцца з бюджэту”. „Рэзкіх рухаў не будзе, але будзе абсалютна вывераная траекторыя па аптымізацыі дзейнасці дзяржслужачых”, — дадаў ён.
Паводле слоў Кабякова, гэтую працу Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці „вельмі ўважліва і карэктна”, каб ні ў якім разе не пакрыўдзіць людзей, не скараціць кагосьці несправядліва або недаацаніць іх працу.
Кіраўнік урада паведаміў, што рыхтуецца ўказ аб аптымізацыі дзяржорганаў. „Прэзідэнт яго контуры ўхваліў, але даручыў вельмі ўважліва паглядзець на выкананне, каб не была страчаная асноўная задача, звязаная з аптымізацыяй дзейнасці. На працягу года мы павінны рэалізаваць гэтыя меры”, — сказаў Кабякоў.
Як паведамлялася раней, на нарадзе Лукашэнка заявіў, што пры аптымізацыі ў дзяржапараце неабходна адсекчы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны. „Тут мы павінны дамагацца вынікаў, вядома ж, не колькасцю, а ўменнем. Не раздзімаць бюракратычны апарат, а сістэмна фармаваць кампактную структуру і эфектыўную мадэль кіравання. І гэта трэба рабіць паступова. Гэта не разавы акт, прывязаны да нейкага канкрэтнага дня”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
belapan.by
Фота zviazda.by