Качанава распавяла пра безвыніковыя спробы наладзіць супрацоўніцтва з ЕЗ 



Старшыня верхняй палаты  парламента Беларусі Наталля Качанава прызнала, што сур’ёзных кантактаў з заходнімі калегамі пакуль не атрымліваецца.

Паводле яе слоў, парламентарыі Беларусі неаднаразова звярталіся да калег з краін ЕЗ — „прасілі, каб яны пачулі нас”: „Паслухайце ад нас інфармацыю, з першых вуснаў, інфармацыю аб тым, што адбываецца ў нашай краіне”, распавяла яна ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню. Вынікам гэтых зваротаў сталі „зрухі” .  Паводле яе слоў, з дэпутатамі Беларусі гатовыя „працаваць і пачуць тое, што адбываецца ў нашай краіне ад нас” парламентарыі Францыі і Італіі. Старшыня Савета Рэспублікі, праўда, не ўдакладніла пра кантакты якога ўзроўню ідзе гаворка. Але мяркуючы па ўсім поўнамаштабнага супрацоўніцтва пакуль не атрымліваецца.

„Бо мы не самазванцы, мы тыя людзі, якія працуюць у Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь, і таму будзем рабіць усё для таго, каб канструктыўна супрацоўнічаць з усімі, хто будзе ісці нам насустрач”, — сказала Качанава.

Яшчэ ў лістападзе 2020 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой сярод іншага падтрымаў патрабаванне беларусаў правесці новыя свабодныя выбары і асудзіў дзеянні Палаты прадстаўнікоў Беларусі, якая прыняла закон аб пазбаўленні беларусаў грамадзянства. Акрамя таго Еўрадэпутаты запатрабавалі правесці расследаванні смерцяў грамадзян, якія загінулі падчас пратэстаў, і заклікалі да міжнароднага расследавання злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя