Калабарацыя з ворагам: пытанне без адказу



У апошнія тыдні ўсё часцей з Ірака і Сірыі гучаць пераможныя рэпартажы. Сутнасць іх прыблізна такая: тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» блізкая да паразы. І хутка спыніць сваё існаванне.

Магчыма, што гэта праўда. І дні “ІД” злічаныя. Але тады ўзнікае пытанне: што рабіць з прыхільнікамі гэтай тэрарыстычнай арганізацыі? З тымі, хто змагаецца са зброяй у рукох усё проста: яны будуць альбо знішчаныя, альбо адправяцца ў турму. Але што рабіць з тымі, хто зброі ў рукі не браў. Але пры гэтым актыўна падтрымліваў „ІД”, працуючы ў цывільных структурах кіравання на тэрыторыях, занятых тэрарыстамі. Нагадаю, што ў асобныя моманты пад кантролем «ІД» пражывала да 8 млн чалавек. Многія з якіх актыўна падтрымлівалі ісламістаў і дапамагалі ім. Хутчэй за ўсё, колькасць калабарантаў ідзе на сотні тысяч чалавек. Што з імі рабіць? Усіх у вязніцы не пасадзіш. Знішчаць? Гэта ўжо генацыд. Але халера з ім, з Блізкім Усходам.

Падобная сітуацыя і на акупаванай частцы Данбасу і ў Крыме. Бываючы ў Кіеве, я часта задаю пытанне сваім украінскім сябрам: што вы будзеце рабіць з тымі, хто падтрымліваў расейскія войскі і баевікоў, але сам пры гэтым зброі ў рукі не браў? Як вы збіраецеся жыць з сотнямі тысяч, а магчыма і мільёнамі, сваіх суграмадзянаў, якія вас ненавідзяць?

Я ні разу не пачуў выразнага адказу. Мне кажуць, што гэтыя людзі ашуканыя. Магчыма і так. Мне кажуць, што як толькі Пуцін сыдзе з Украіны, ўсё наладзіцца. Я задаю пытанне: “Як?” І не чую адказу.

Пуцін як сусьветнае зло – вельмі зручны персанаж. Вакол яго ўзнік практычна рэлігійны культ. Ёсць Пуцін – ёсць праблемы. Няма Пуціна – няма праблемаў.

Аднак, усё не так проста. Пуцін скарыстаўся сітуацыяй. Так, Расея доўга працавала на раскол Украіны. Але яна працавала ў тых рэгіёнах, дзе для гэтага ўжо былі ўмовы. Першыя арганізацыі, якія выступалі за аўтаномію Данбаса, паўсталі яшчэ пры СССР. Праўда палягае ў тым, што Украіне ўжо зараз трэба думаць, што рабіць са сваімі грамадзянамі, якія выступілі супраць Кіева. Пуцін – гэта не адзіная прычына вайны.

Андрэй Паротнікаў, Беларускае Радыё Рацыя