Паплечнікі Калеснікавай распавялі пра затрыманні і ад’езд з Беларусі (абноўлена)
Прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў правялі прэс-канферэнцыю ў Кіеве. Яны распавялі пра падзеі пасля свайго затрымання ў Беларусі. Іх затрымалі ў Менску раніцай 7 верасня проста на вуліцы, калі яны спрабавалі шукаць Марыю Калеснікаву, сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады (яна была схоплена на вуліцы невядомымі).
Спачатку Раднянкоў і Краўцоў былі ў Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (з кайданкамі на руках і з чорным мяшком на галаве), трымалі асобна. Пасля іх прывезлі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. Каля 23-й гадзіны пасадзілі на мікрааўтобусы і павезлі. Па дарозе ў КДБ забралі Марыю Калеснікаву і паехалі на мяжу.
– Увесь картэж спыніўся на нейтральнай тэрыторыі, там мне ўжо прапанавалі прайсці да БМВ Івана. Села на сядзенне побач з кіроўцам, адразу заўважыла пашпарты, таму што да гэтага мае пашпарты былі канфіскаваныя. І ў гэты момант з’явілася Марыя Калеснікава. Гэта было дастаткова шумна, было бачна, што яе вядуць сілай, што яна супраціўляецца. Яе гвалтоўна запіхалі на задняе сядзенне, зачынілі, яна не магла выйсці і крычала, што яна нікуды не паедзе.
Як потым аказалася, яна ў машыне ўбачыла спераду свой пашпарт. Яна парвала яго на шмат мелкіх кавалкаў, гэтыя кавалкі яна ўзяла пакамячыла і выкінула ў акно невядомым маладым людзям, якія атачылі машыну.
Як распавёў Іван Краўцоў, Марыя Калеснікава праявіла сапраўдную адвагу:
– Маша Калеснікава – сапраўдны герой. Пасля 12 гадзін допыту невядома дзе, мы мяркуем у КДБ, яна з поўнай сілай энергіі працягвала патрабаваць справядлівасці, стала патрабаваць адваката, выглядала выдатна. Я так разумею, што яе забралі супрацоўнікі.
Пасля сыходу з аўтамабіля Марыі Калеснікавай, Краўцоў і Раднянкоў зразумелі, што іх спрабуюць зноў затрымаць (Калеснікава ўжо была затрыманая). Тады яны хутка паехалі да ўкраінскіх памежнікаў. Была пагоня, але яны змаглі ўцячы.
Антон Раднянкоў таксама распавёў, што супрацоўнікі спецслужбаў паклалі ў іх машыну страхоўку, квіткі для яго і Івана Краўцова ў Турцыю, а для Калеснікавай – квіток з Кіева ў Вену, а адтуль – у Мюнхен. Ён мяркуе, што ўсё гэта папярэдне знялі і найхутчэй пакажуць па Беларускім тэлебачанні з адпаведнымі каментарамі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: newbelarus.vision
***
Марыя Калеснікава сарвала планы беларускіх спецслужбаў па яе незаконнай высылцы з Беларусі, – лічыць юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
Калеснікава была выкрадзена невядомымі ў цэнтры Менску раніцай 7 верасня. З двума яе паплечнікамі па Каардынацыйнай радзе – Іванам Краўцовым і Антонам Раднянковым, якія спрабавалі яе адшукаць, сувязь таксама знікла. Праз суткі з’явіліся паведамленні, што Калеснікава затрымана на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Краўцоў і Раднянкоў, пад прымусам беларускіх спецслужбаў, зʼехалі ва Украіну. Калеснікава, супраціўляючыся дзеянням спецслужбаў, парвала свой пашпарт.
Кажа Валянцін Стэфановіч:
– Калі я толькі першы раз прачытаў афіцыйную інфармацыю пра тое, што там адбылося, у мяне ўжо выклікала цэлы шэраг пытанняў. Потым на працягу дня мы бачым развіццё гэтых падзеяў, і зразумелым робіцца, што Калеснікава сарвала планы нашых спецслужбаў па яе гвалтоўнаму вывазу з тэрыторыі Беларусі. І мы бачым, што гэтая практыка вельмі спадабалася беларускім уладам, і яны яе «абкаталі» на Ціханоўскай. Потым не ўпусцілі ў краіну кіраўніка Беларускай каталіцкай царквы Кандрусевіча, абсалютна незаконна, паколькі ён з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.
Таксама не так даўно з краіны пад прымусам была вымушана зʼехаць сябра прэзідыюму Кансультацыйнай рады Вольга Кавалькова. Па словах Валянціна Стэфановіча, падобныя дзеянні беларускіх уладаў абсалютна незаконны. А Марыя Калеснікава павінна быць вызваленая з-пад варты, паколькі няма ніякіх прававых падставаў для яе затрымання і прыцягнення да нейкай устаноўленай законам адказнасці.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Паводле інфармацыі некалькіх ананімных крыніц, член прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Марыя Калеснікава затрыманая і знаходзіцца ў вайсковай часці 1257 Мазырскага пагранічнага атрада, паведамляе штаб экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, які прадстаўляла Калеснікава.
„У тэлефоннай гутарцы з адвакатам Марыі Калеснікавай Максімам Знакам аператыўны дзяжурны паведаміў, што не ведае пра факты затрымання каго-небудзь у пункце пропуску „Аляксандраўка”, — гаворыцца ў паведамленні штаба. — У інтарэсах Марыі Калеснікавай была заключаная дамова з адвакатам з Мазыра, які падаў у в/ч 1257 паведамленне аб прыняцці абароны і копію ордара. Яму таксама паведамілі аб тым, што Марыі Калеснікавай у гэтай вайсковай часці няма”.
„Пры гэтым Дзяржаўны пагранічны камітэт, які пацвердзіў затрыманне, таксама не паведаміў, ні хто затрымліваў Марыю Калеснікаву, ні на якіх падставах яна затрыманая”, — адзначылі ў штабе.
Каманда Бабарыкі патрабуе ад уладаў паведаміць, дзе знаходзіцца Калеснікава, „неадкладна яе вызваліць і ў поўным аб’ёме забяспечыць яе права на абарону і іншыя працэсуальныя гарантыі, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі і нацыянальным заканадаўствам”.
Штаб таксама паведаміў, што раней Беларускі Хельсінкскі камітэт праінфармаваў працоўную групу ААН па гвалтоўных або нядобраахвотных знікненнях аб сітуацыі з Калеснікавай. У штабе спадзяюцца, што гэта „дазволіць аператыўна высветліць лёс Марыі Калеснікавай і спыніць практыку гвалтоўных знікненняў апанентаў дзейнай улады”.
* * *
Выезд прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Антона Раднянкова і Івана Краўцова з Беларусі ва Украіну не быў добраахвотным, заявіў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка.
„Гэта было гвалтоўнае выправаджэнне з роднай краіны, — падкрэсліў ён. — Марыю Калеснікаву (прадстаўнік штаба Віктара Бабарыкі і член прэзідыума КР.) не ўдалося выправадзіць з Беларусі, таму што гэтая смелая жанчына прыняла меры па прадухіленні яе перамяшчэння цераз мяжу. Яна засталася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усю адказнасць за яе жыццё і здароўе нясе персанальна Аляксандр Лукашэнка”.
Раніцай 8 верасня прэс-служба Дзяржаўнай памежнай службы Украіны паведаміла аб перамяшчэнні цераз беларуска-ўкраінскую мяжу грамадзян Беларусі Антона Раднянкова і Івана Краўцова. У ведамстве звярнулі ўвагу на тое, што Марыя Калеснікава ў пункты пропуску для праходжання памежнага кантролю не прыбывала.
„Сёння шэраг СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, у тым ліку са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Дзяржпагранкамітэта Беларусі, аб перамяшчэнні ў напрамку Украіны трох грамадзян Беларусі, якія з’яўляюцца членамі Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі. Улічваючы гэта, Дзяржаўная памежная служба Украіны паведамляе, што ў адзін з украінскіх пунктаў пропуску ў межах Кіеўскай вобласці на ўезд ва Украіну прыбылі двое грамадзян РБ А.Раднянкоў і І.Краўцоў. Зараз яны праходзяць неабходныя меры памежнага кантролю ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое вызначае парадак перасячэння дзяржаўнай мяжы”, — паведаміла памежслужба Украіны.
„Грамадзянка Калеснікава ў пункты пропуску для праходжання памежнага кантролю не прыбывала”, — удакладніла прэс-служба.
Сувязь з гэтымі членамі рады знікла раніцай 7 верасня, прычым затрыманне Марыі Калеснікавай бачыла жанчына, якая расказала пра гэта парталу tut.by. Паводле яе слоў, каля Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску невядомыя людзі пасадзілі Калеснікаву ў мікрааўтобус і павезлі.
Тэлеканал „Беларусь 1” у ранішнім выпуску навін 8 верасня са спасылкай на „праваахоўнікаў” паведаміў, што „адбыўся прарыў мяжы і спроба ўцёкаў — яе ажыццявілі ўдзельнікі Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава, а таксама два яе найбліжэйшыя паплечнікі — Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў”.
„Гэтыя дзеячы прайшлі памежны і мытны кантроль. Затым на дадатковым кантрольным пункце, спыніўшыся на агляд аўтамабіля, не падпарадкаваліся патрабаванню супрацоўніка пагранічнага камітэта і паспрабавалі схавацца на тэрыторыі Украіны, ледзь не збіўшы пры гэтым супрацоўніка пагранічнага камітэта. Калеснікава, якую літаральна выкінулі з машыны, затрыманая. Двое мужчын збеглі на тэрыторыю Украіны. У гэты момант сумесна з украінскім бокам праводзяцца пошукавыя мерапрыемствы”, — паведамілі ў выпуску навін.
Тэлеканал таксама паказаў відэазапіс, на якой Краўцоў кажа пра рашэнне пакінуць Беларусь. „Я прыняў рашэнне пакінуць тэрыторыю краіны, і цяпер мы, у тым ліку Марыя Калеснікава, будзем перасякаць мяжу Рэспублікі Беларусь і пакінем яе на некаторы час”, — кажа Краўцоў.